Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што казаў і да чаго заклікаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас выбарчай кампаніі


Мітрапаліт Кандрусевіч выступаў у віленскай катэдры 22 лістапала 2019 году падчас пахааньня Кастуся Каліноўскага

Кіраўнік Каталіцкай царквы Беларусі, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас выбарчай кампаніі актыўна заклікаў да сумленных выбараў, да спыненьня гвалту і дыялёгу ў грамадзтве.

19 чэрвеня мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч закрануў сытуацыю ў Беларусі падчас імшы ў менскім катэдральным касьцёле Найсьвяцейшага Імя Марыі з нагоды сьвята Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса. Герарх адзначыў, што ўсе непаразуменьні неабходна вырашаць шляхам дыялёгу і ў духу ўзаемнай павагі.

2 ліпеня кіраўнік каталіцкага касьцёла ў Беларусі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас прамовы перад вернікамі на штогадовых урачыстасьцях у Будславе закрануў, сярод іншага, тэму каранавірусу і сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

«З Эвангельля мы ведаем, што Езус суцішыў буру на моры і сказаў апосталам не баяцца. Таксама і мы не павінны баяцца і насьцеж расчыніць дзьверы нашых сэрцаў Езусу, каб ён быў у нас і нашым народзе, які выбірае сваю будучыню. Карабель, імя якому Беларусь, сёньня знаходзіцца на ўзбураным сацыяльна-палітычнымі хвалямі моры. Выбары, якія перад намі, павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі», — сказаў Кандрусевіч.

31 ліпеня мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зачівў, што выбары павінны адбывацца ў духу ўзаемапавагі да апанэнтаў са свабодным волевыяўленьнем народу.

У звароце да вернікаў герах адзначыў, што Касьцёл «ня можа выказвацца за таго ці іншага кандыдата», аднак нагадвае, што «ўдзел у выбарах зьяўляецца праявай адказнасьці і сталасьці ў будаваньні будучыні нашай краіны», якую беларусы павінны выбіраць «не пад уплывам эмоцый, але плёнам сталага роздуму, згоднага з сумленьнем».

11 ліпеня мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў спыніць гвалт у Беларусі, сесьці за стол перамоваў.

У адмысловым звароце ў сувязі са «складанай грамадзка-палітычнай сытуацыяй у Беларусі» мітрапалаіт сказаў, што апошнія дні ў краіне назіралася «нябачаная дагэтуль напружанасьць», адбыліся сутыкненьні, «пралілася першая кроў, і ёсьць пацярпелыя з абодвух бакоў».

«Упершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі брат падняў руку на брата», — заяўляе Кандрусевіч. Ён нагадвае біблейскую гісторыю пра Каіна, які забіў брата Абэля.

15 жніўня мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у аждмыловым звароце да ўладаў завіў, што «пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў — цяжкі грэх».

Кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы заклікаў улады распачаць канструктыўны дыялёг з грамадзтвам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян.

21 жніўня ў МУС адбылася сустрэча міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

«Усе мы перажываем падзеі апошніх дзён асаблівым чынам. Мы заклікаем да міру з абодвух бакоў і хуткага ўрэгуляваньня канфлікту», — цытавалі тады на сайце МУС мітрапаліта Кандрусевіча.

22 жніўня мітрапаліт Кандрусевіч заявіў, што «іншадумцаў ні ў якім выпадку нельга лічыць „адшчапенцамі“».

На ўрачыстай імшы з нагоды фэсту Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выказаўся пра падзеі ў краіне. Ён заявіў, што краіна перажывае «нябачаны дагэтуль грамадзка-палітычны крызіс, выкліканы нядаўнімі выбарамі».

«Калі ўлада будзе разумецца і выконвацца як служэньне, то будзе неактуальным стары лацінскі прынцып do ut des — „даю, каб і ты даў“, або „рука руку мые“. Такі карысьлівы спосаб выкананьня ўлады вядзе да яе дыскрэдытацыі», — сказаў мітрапаліт.

27 жніўня Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў пакараць вінаватых у блякаваньні Чырвонага касьцёла

Герарх зрабіў гэтую заяву ў сувязі з інцыдэнтам з удзелам супрацоўнікаў сілавых структураў на тэрыторыі Чырвонага касьцёла.

«Знаходзячы за мяжою, я зь вялікім болем успрыняў скупыя зьвесткі пра блякаваньне ўзброенымі байцамі АМАПу ўваходу і выхаду ў менскім Чырвоным касьцёле, што мела месца 26 жніўня».

30 жніўня мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў засьцярогу, што ў Беларусі можа пачацца грамадзянская вайна.

У той дзень у сувязі з палітычным крызісам і супрацьстаяньнем у беларускім грамадзтве са зваротамі выступілі кіраўнікі найбуйнейшых хрысьціянскіх канфэсій Беларусі.

«Наша Бацькаўшчына перажывае нябачаны да гэтага часу грамадзка-палітычны крызіс, які з дня на дзень паглыбляецца. У міралюбнай і памяркоўнай Беларусі — а менавіта такой нашу краіну ведаюць у сьвеце — брат падняў руку на брата, у выніку чаго пралілася кроў і шмат людзей пацярпелі. Вялікую трывогу выклікае сёньня і складаная эканамічная сытуацыя. Нам пагражае міжнародная ізаляцыя. Усё часьцей можна пачуць думку, што рэальнай становіцца пагроза грамадзянскай вайны, аб чым ніхто з нас ня мог нават і падумаць яшчэ некалькі месяцаў таму», — пісаў у звароце мітрапаліт Кандрусевіч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG