Вайскоўцы ў чорных балаклавах і бяз знакаў адрозьненьня ставяць агароджу вакол стэлы і музэю Вялікай Айчыннай вайны. Яны ўзброеныя аўтаматамі.
Тыдзень таму падчас шматтысячнага маршу прыхільнікаў пераменаў гэтую тэрыторыю абгарадзілі калючым дротам і выставілі ачапленьне з амапаўцаў і ўзброеных салдатаў тэрміновай службы.
Як заявіў тады міністар абароны Віктар Хрэнін, кожны, хто замахнецца на гэтыя «сьвятыя мясьціны», будзе мець справу з арміяй. Удзельнікаў шэсьцяў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі ён назваў «нашчадкамі» тых, хто прыслужваў гітлераўскім захопнікам.
У той жа дзень Аляксандар Лукашэнка зьявіўся перад камэрамі з аўтаматам Калашнікава. Узброены і экіпаваны быў і ягоны малодшы сын Мікалай.