Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп пагадзіўся ісьці на новы тэрмін і заявіў: калі Байдэн пераможа на выбарах, Кітай стане гаспадаром Амэрыкі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступае на зьездзе Рэспубліканскай партыі. 27 жніўня 2020 году
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выступае на зьездзе Рэспубліканскай партыі. 27 жніўня 2020 году

Дональд Трамп даў афіцыйную згоду зноў балятавацца ў прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі. Пра гэта ён заявіў у чацьвер у сваёй прамове, якая завяршыла чатырохдзённы зьезд Рэспубліканскай партыі.

Традыцыйна кандыдаты ў прэзыдэнты выступаюць з гэтай прамовай, знаходзячыся ў адной залі з тысячамі дэлегатаў зьезду. Аднак з прычыны эпідэміі COVID-19 абедзьве галоўныя партыі ЗША адмовіліся ад правядзеньня «жывых» зьездаў — дэмакраты зусім, рэспубліканцы часткова. У выніку Трамп зьвярнуўся да аднапартыйцаў і амэрыканцаў з Паўднёвага лужка Белага дома ў Вашынгтоне ў прысутнасьці вялікай аўдыторыі — больш за паўтары тысячы чалавек. Прэса адзначыла, што на многіх не было ахоўных масак.

Зварот Трампа быў прысьвечаны тром асноўным тэмам: грандыёзным посьпехам ягонай адміністрацыі, вялікац будучыні Амэрыкі і небясьпецы, якую нясе краіне кандыдат у прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн.

Трамп паабяцаў, што пасьля перамогі над «кітайскім вірусам», распаўсюджваньне якога, паводле яго, Кітай мог, але ня здолеў стрымаць, ЗША вернуцца да «рэкорднага дабрабыту». Ён таксама паабяцаў, што ў найбліжэйшы час Амэрыка створыць вакцыну ад COVID-19.

У сваёй прамове Трамп прысьвяціў шмат часу апісаньню «катастрофы», якая «чакае ўсё і ўсіх: ад фондавага рынку і энэргетыкі да адукацыі і маральнасьці» ў выпадку перамогі дэмакратаў на выбарах. «Ніколі раней выбарнікі не сутыкаліся зь відавочным выбарам паміж дзьвюма партыямі, двума прывідамі будучыні, дзьвюма філязофіямі і дзьвюма праграмамі. Гэтыя выбары вырашаць: ці зможам мы захаваць амэрыканскую мару, ці дазволім сацыялістычнай праграме зьнішчыць наш цудоўны лёс», — сказаў Трамп.

Паводле словаў Трампа, Байдэн на працягу 47 гадоў сваёй палітычнай кар’еры сьвядома і пастаянна падманваў сваіх выбарнікаў і гандляваў іхнымі інтарэсамі. Калі Байдэн пераможа на выбарах, Кітай стане гаспадаром Амэрыкі, заявіў Трамп.

Падчас выступу Трампа Джо Байдэн апублікаваў некалькі твітаў.

«Калі прэзыдэнт Трамп заняў гэтую пасаду, ён атрымаў у спадчыну ад адміністрацыі Абамы — Байдэна эканоміку, якая расла. Як і ўсё астатняе, што ён атрымаў у спадчыну ў сваім жыцьці, ён прысвоіў гэта», «Дональд Трамп называе сябе прэзыдэнтам ваеннага часу. Аднак цяпер, замест таго, каб узначаліць барацьбу з каранавірусам, ён махае белым сьцягам», — напісаў у твітэры кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэн.

Выбары прэзыдэнта ЗША пройдуць 3 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG