Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны банк прыпыняе рэйтынг Doing Business. Беларусь у ім займала высокія пазыцыі


Сусьветны банк паведаміў пра часовае прыпыненьне публікацыі аглядаў Doing Business з прычыны падазрэньняў, што ў справаздачах за 2018 і 2020 гады дадзеныя па шэрагу краін былі некарэктна зьмененыя, інфармуе «​Інтэрфакс».

«Гэтыя зьмены не адпавядалі мэтодыцы Doing Business», — гаворыцца ў паведамленьні.

Банк правядзе сыстэмную працу для аналізу гэтых зьменаў у дадзеных, праверыць працэс збору і кантролю за інфармацыяй. На час правядзеньня гэтага аналізу банк возьме «паўзу» ў публікацыі справаздач, гаворыцца ў паведамленьні.

Паводле Wall Street Journal, у мінулых справаздачах маглі быць некарэктна зьмененыя дадзеныя па чатырох краінах — Кітаі, ААЭ, Азэрбайджане і Саудаўскай Арабіі.

Doing Business публікуецца ўжо 17 гадоў і ацэньвае ўмовы вядзеньня бізнэсу ў краінах сьвету.

У рэйтынгу Doing Business 2020 Беларусь заняла 49-е месца сярод 190 краінаў сьвету. У параўнаньні зь мінулым годам краіна апусьцілася ў рэйтынгу на 12 пазыцый. З гэтай нагоды Міністэрства эканомікі Беларусі выступіла летась з адмысловым камэнтаром, у якім ставіць пад сумнеў некаторыя высновы Сусьветнага банку.​

Раней банк ужо праводзіў вонкавы аўдыт рэйтынгу, каб пераканацца, што дадзенымі справаздач не маніпулявалі ў палітычных мэтах. Некалькі гадоў таму мэтадалёгію рэйтынгу Doing Business крытыкаваў Кітай.

Аўтары дасьледаваньня вызначаюць ранг 190 краін паводле 10 крытэраў рэгуляваньня прадпрымальніцкай дзейнасьці: выдаткі часу і грошай на стварэньне новага бізнэсу, атрыманьне дазволаў на будаўніцтва, доступ да электраэнэргетычнай інфраструктуры, рэгістрацыя правоў уласнасьці, атрыманьне крэдытаў, абарона правоў мінарытарных інвэстараў, выплата падаткаў, ажыцьцяўленьне міжнароднага гандлю, забесьпячэньне выкананьня дамоў, працэдуры банкруцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG