Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрыманьні, АМАП заблякаваў людзей у Чырвоным касьцёле. Каталіцкі біскуп заявіў пратэст сілавікам

абноўлена

АМАП блякуе ўваход у Чырвоны касьцёл

Увечары 26 жніўня АМАП разагнаў пратэставы мітынг на менскай плошчы Незалежнасьці, адбыліся затрыманьні. Акрамя таго, амапаўцы зачынілі ўсе дзьверы ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены і нікога не выпускалі.

Увечары на плошчы сабраліся некалькі сотняў чалавек. Рух на плошчы Незалежнасьці на нейкі час перакрылі. Затрымліваць пачалі каля 20.30. «Вясна» на дадзены момант паведамляе пра 14 затрыманых.

Незадоўга да пачатку затрыманьняў у Менску зьявіліся праблемы з доступам у інтэрнэт, якія назіраліся каля гадзіны. Інтэрнэт блякаваўся на распараджэньне ўладаў.

Сілавікі заблякавалі ў Чырвоным касьцёле, што на плошчы Незалежнасьці ў Менску, каля 100 чалавек. Сярод заблякаваных былі журналісты «Эўрарадыё» і Tut.by.

Касьцёл зноў адчынілі толькі праз 30–40 хвілін. АМАП зьехаў, плошчу Незалежнасьці засталіся патруляваць некалькі чалавек. На плошчу падцягнуліся людзі з плякатамі.

Генэральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юры Касабуцкі заявіў пратэст у сувязі зь дзеяньнямі сілавікоў, якія заблякавалі ўваход і выхад у Чырвоны касьцёл, паведамляе Сatholic.by, і папярэдзіў улады Беларусі і кіраўніцтва сілавых структураў, што падобныя дзеяньні — «недапушчальныя і незаконныя».

«Касьцёл зьяўляецца сьвятыняй Бога, якую могуць свабодна наведваць усе жадаючыя. Блякаваньне ўваходу і выхаду людзей супярэчыць гарантаванаму Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь праву грамадзянаў на свабоду сумленьня і веравызнаньня, абражае пачуцьці вернікаў і выходзіць за межы законаў чалавечых і Божых», — заявіў біскуп Юры Касабуцкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG