Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік Дзьмітрый Быкаў: «Я вельмі баюся сытуацыі, пры якой Коля павернецца супраць бацькі»


Дзьмітрый Быкаў
Дзьмітрый Быкаў

Расейскі пісьменьнік Дзьмітый Быкаў у эфіры «Эхо Москвы» выказаўся аб пратэстах у Беларусі, Лукашэнку з сынам і нацыі Караткевіча, якую ператварылі ў калгас. Прапануем асноўныя тэзісы.

Пра Каардынацыйную раду як паслоў ад грамадзтва

У мяне ёсьць пытаньні да гэтага складу Каардынацыйнай рады, але я прынамсі рады, што яна існуе. І мяне вельмі засмучае, што людзей адтуль пачынаюць браць. Гэта несумленна. Амбасадараў не чапаюць. Яны паслы, паслы ад грамадзтва. Паслы недатыкальныя, у іх асаблівы статус. Як ён ёсьць у Лукашэнкі, так ён ёсьць у сяброў КР. Гэта такія дыпкур’еры. Гэта людзі, якія агучваюць патрабаваньні мільёнаў.

Пра беларускіх сяброў і месца пісьменьніка

Я люблю беларусаў, яны мае сябры. Я, дарэчы, зь вельмі вялікай надзеяй на гэта гляджу... У шэрагах гэтай апазыцыі, напрыклад, Барыс Натанавіч Пастарнак, кіраўнік выдавецтва «Время», мой вялікі сябар. У гэтых шэрагах цудоўны паэт Дзьмітры Строцаў. Сурʼёзныя людзі. А які інтэлектуальны патэнцыял сілавікоў Лукашэнкі, мне меркаваць цяжка. Але неяк ён не выклікае... асабліва гэтая гісторыя: «Разьбегліся, як пацукі...» І гэты аўтамат без ражка, з адзіным патронам ўжо. Не застаецца неяк ілюзій. І Алексіевіч выдатная прадаўжальніца справы Алеся Адамовіча. Яна вельмі добрая пісьменьніца... Месца пісьменьніка — са сваім народам. Месца пісьменьніка — сярод змагароў за свабоду, таму што яна яму прафэсійна патрэбна. Алексіевіч на сваім месцы.

Пра восень патрыярха і Колю

«Восень патрыярха » — гэта, у прынцыпе, трагедыя. Гэта трагедыя і патрыярха і нацыі. Гэта сурʼёзная драма. А Лукашэнка ўчора — гэта фарсавае відовішча Сумнае. Мне шкада яго. Ён з агнём гуляе. Але шкада. І страшнае гэта відовішча, калі ён адзін за сталом і побач зь ім — сын. Разумееце, сына шкада. Коля са зьнявечаным лёсам ужо хлопчык. І я проста як настаўнік з жахам гляджу на яго. Не ўяўляю, якая псыхалягічная рэабілітацыя яму спатрэбіцца, нават калі Лукашэнка ўтрымае ўладу. Гэта непапраўна зьнявечаныя людзі. І, вядома, у гэтым ёсьць і фарс, і трагедыя, і вельмі вялікая горыч... Я вельмі баюся сытуацыі, пры якой Коля павернецца супраць бацькі. Такое магчыма.

Пра загнанага ў кут Лукашэнку

Мне Лукашэнка як палітык абсалютна варожы і непрыемны. Але мне цяпер яго вельмі шкада. Таму што шкада заўсёды чалавека зацкаванага, у кут загнанага. Ён яшчэ далёка не зацкаваны, у кут не загнаны, але ступень яго адзіноты і яго страху сёньня вы ня можаце сабе ўявіць. І я не магу. Мы, дзякуй Богу, у гэтым становішчы ніколі не былі. Але тое, што ён знаходзіцца на мяжы здрады ўсіх — а здраду вельмі цяжка перажываць...

Пра нацыю Караткевіча і краіну-калгас

Ён з краіны, якая была наогул авангардам і айцішным, і літаратурным, і філялягічным, і калгасным, зрабіў калгас. Ён нацыю адкінуў на 50 гадоў назад — нацыю Караткевіча... Найлепшыя сёньняшнія беларускія пісьменьнікі працуюць і выдаюцца ў Расеі. Паглядзіце, у што ён ператварыў квітнеючую, інтэлектуальную краіну, краіну Быкава, Адамовіча, Караткевіча, Янкі Купалы, — у што яна ператварылася? Калі я інтэрвію браў у Васіля Быкава, а ён клаў [руку] на тэлефон. Гэты адважны чалавек, на танк хадзіў з гранатай. А гэтых ён баяўся. Гэта жах! Вы паглядзіце на хвалі паклёпу, вы паглядзіце на пазасудовыя зьнікненьні. Успомніце арышт Шарамета. Гэта была чорная пляма на захадзе Эўропы, і сёньня гэтая чорная пляма паступова зафарбоўваецца іншымі колерамі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG