Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі пісьменьнік Дзьмітрый Быкаў: ува ўсіх выклікае захапленьне і зайздрасьць тое, як беларусы ўпэўнена, упарта і прыгожа бароняць сябе


Дзьмітрый Быкаў
Дзьмітрый Быкаў

Расейкі пісьменьнік Дзьмітрый Быкаў у інтэрвію беларускай Свабодзе падзяліўся сваімі асьцярогамі наконт магчымага ўмяшаньня Расеі ў сытуацыю ў Беларусі і паразважаў пра палітычнае і культурнае значэньне беларускага супраціву дыктатуры.

Сьцісла

  • Варыянтаў расейскага ўмяшаньня ў сытуацыю ў Беларусі шмат і яны яшчэ ня вычарпаныя
  • Вэнэсуэльскага сцэнару ў Беларусі ня будзе. Беларусы не вэнэсуэльцы, беларусы маюць нардычны, больш халодны тэмпэрамэнт, даўжэй трываюць і больш адчайна самі гатовыя ісьці да канца
  • Падзеі ў Беларусі маюць велізарнае значэньне для Расеі, але там такога адзінства давядзецца дамагацца значна даўжэй.
  • Рэвалюцыя не нясе паляпшэньня побыту, яна нясе паляпшэньне самаадчуваньня
  • Перамога над Лукашэнкам будзе мець магутнае культурнае значэньне для Беларусі

«Баюся, што Расея можа раскалоць Беларусь»

— Як вы ацэньваеце тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі?

— Усё вельмі хутка мяняецца, таму ацэнак пакуль даваць нельга. Відавочна адно — ён у гістэрыцы, ужо пачынае адказваць на выгукі з натоўпу. Калі яму крычаць: «Застрэлься, афіцэр», ён гэтаму ўжо нічога, апрача крыку, ня можа проціпаставіць. Можна сказаць, што ягоныя магчымасьці рэагаваньня ўжо вычарпаныя. Але ў Расеі яшчэ ёсьць шмат варыянтаў умяшаньня. І вось гэта, бадай, самае непрыемнае.

— Некаторыя рэсурсы пішуць пра калёны Расгвардыі пад Псковам і Смаленскам. Вы бачылі такія паведамленьні?

— Ды пра калёны кажуць ужо тры дні, і гэта, агулам кажучы, ня самае цікавае. Мяне напружвае сцэнар, пры якім у Беларусі могуць зладзіць якую-небудзь Вандэю, нейкую ДНР, напрыклад у Віцебску. Такая магчымасьць ёсьць — узяць і паспрабаваць раскалоць Беларусь знутры, узьняць расейскі сьцяг над нейкімі органамі ўлады. Вось такая магчымасьць ёсьць.

— З нашага гледзішча Беларусь выглядае даволі гамагеннай.

— Гэта заўсёды выглядае даволі гамагенна. Гэта выглядала, у рэшце рэшт, гамагенна і ў Францыі, а пасьля ўзяло і раскалолася. Унутры рэвалюцыі заўсёды ёсьць пэўныя незадаволеныя, нязгодныя, больш кансэрватыўныя, якія мараць у нейкі момант разьвярнуць сытуацыю.

Расея можа на гэтым згуляць звонку. І, дарэчы, ня трэба забываць пра тое, што ў Лукашэнкі, пры ўсёй яго адыёзнасьці, пэўная падтрымка застаецца. І гэтыя людзі, я думаю, таксама здольныя на пэўныя дэмаршы.

«Вэнэсуэльскага сцэнару ў Лукашэнкі не атрымаецца»

— Сёньня ў Менску, выступаючы на заводзе колавых цягачоў, Лукашэнка сказаў, што новыя выбары могуць адбыцца толькі тады, «калі вы мяне заб’яце». Выглядае, што ён выбірае сцэнар Вэнэсуэлы — супраціўленьне да канца.

— Гэта паказьнік гістэрыкі. Усе гэтыя словы «вы мяне заб’яце» — гэта гістэрыка пакінутага мужа. Я абсалютна перакананы, што вэнэсэуэльскага сцэнару ў яго не атрымаецца. Бо беларусы не вэнэсуэльцы, беларусы маюць нардычны, халаднейшы тэмпэрамэнт, даўжэй цярпяць і больш адчайна самі гатовыя ісьці да канца. Я нешта пакуль ня бачу, каб яго моцна баяліся. Мне здаецца, наадварот — нянавісьць аказваецца мацнейшаю за страх. І гэтая нянавісьць прачнулася — ён свайго дамогся.

Іншае пытаньне, ці не актывізуюцца тыя, хто па-сапраўднаму баіцца перамен, пра такіх людзей таксама нельга забываць, яны таксама ёсьць.

«У Расеі такога адзінства давядзецца дамагацца значна даўжэй»

— Ці мае тое, што адбываецца апошні тыдзень у Беларусі, нейкае значэньне для Расеі?

— Велізарнае значэньне мае. Але я ўжо шмат разоў казаў, што ў Расеі такога адзінства давядзецца дамагацца значна даўжэй. Па-першае, расейская дыктатура значна больш гібрыдная, і да такіх выкрунтасаў, як Лукашэнка, Пуцін ніколі не даходзіў — яму ўсё ж хапала розуму.

Па-другое, падтрымка расейскай дыктатуры ў вялікай ступені базуецца на ідэях рысарджымэнта, нэафашызму, шавінізму, якія ў Беларусі далёка не такія моцныя. Таму падтрымка Пуціна, хоць яна і не такая вялікая, але гэта значна таўсьцейшы пласт, чым рэзэрва Лукашэнкі. Адпаведна, чакаць, каб Пуцін па-сапраўднаму прытаміў Расею, давядзецца троху даўжэй.

Хаця, зь іншага боку, можа здэтанаваць і цяпер менавіта таму, што ва ўсіх выклікае захапленьне і зайздрасьць тое, як беларусы ўпэўнена, упарта і прыгожа бароняць сябе.

«Рэвалюцыя не нясе з сабой паляпшэньня побыту, яна нясе паляпшэньне самаадчуваньня»

— Уявім сабе, што беларускі народ перамог, што Лукашэнка нейкім чынам адхілены ад улады або сам сышоў. Што гэта будзе азначаць для Расеі, для расейскіх прыхільнікаў пераменаў?

— Абсалютна нічога, абсалютна. Прыхільнікі Пуціна атрымаюць яшчэ адзін аргумэнт, пачнуць казаць, што вакол нас яшчэ шчыльней сьціскаецца кола NATO. Прыхільнікі пераменаў атрымаюць натхняльны прыклад, але гэта далёка ня той стан, пры якім грамадзтва рухаецца зь месца. Каб перамагчы інэрцыю — гэтага ня хопіць.

Наадварот, гэта дапаможа тым, хто крычыць пра небясьпеку каляровых рэвалюцыяў. Цяпер яны будуць крычаць ня толькі: «Вы ж ня хочаце, каб было так, як у Кіеве», але і «Вы ж ня хочаце, каб было так, як у Менску».

Мы, вядома, хочам, як у Менску. Прынамсі тыя, каму свабода і годнасьць дарагія. Але тут яшчэ пытаньне і ў тым, што рэвалюцыя не нясе з сабой паляпшэньня побыту, яна нясе паляпшэньне самаадчуваньня. А думаць, што ў Беларусі адразу настане эканамічны росквіт, — наіўна.

Таму перамога ў Менску ніякага дадатковага аргумэнту праціўнікам Пуціна не дадасьць.

«Перамога над Лукашэнкам дасьць Беларусі вялікі культурны штуршок»

— Ці можа мець патэнцыйная перамога беларускага народу нейкае культурнае значэньне для нашага рэгіёну Эўропы?

— Культурнае значэньне будзе мець велізарнае. Бо Беларусь была ў стане дэпрэсіі і дэградацыі, цяпер яна пачне гэта наганяць. Таму культурнае значэньне гэтага аграмаднае.

Але расейская культура, на жаль, дэградавала яшчэ хутчэй. Зьвярніце ўвагу: пакуль што свой ордэн Францішка Скарыны вярнуў толькі Сьпівакоў, а ўзнагароджаных у нас ім дзясяткі.

Рэч у тым, што расейская культура з ахвотай і задавальненьнем апраўдвае рабскае становішча краіны. І наагул, культура, агулам кажучы, ня мае патрэбы ў свабодзе. Культура мае патрэбу ў прыкорме, у стабільнасьці, у тым, каб яе фінансавала дзяржава. А свабода хутчэй патрэбная айцішнікам. Вось менавіта на іх цяпер надзея.

— Што б вы сказалі беларусам, якія будуць чытаць ваша інтэрвію?

— Я б ім сказаў: «Вялікі дзякуй. Дай вам Бог, каб у вас усё атрымалася. Я сэрцам з вамі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG