Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве затрымалі аднаго зь лідэраў мясцовага пратэставага руху Ўладзімера Шанцава


Уладзімер Шанцаў на акцыі 18 жніўня
Уладзімер Шанцаў на акцыі 18 жніўня

У Магілёве затрымалі Ўладзімера Шанцава, аднаго зь лідэраў мясцовага пратэставага руху, старшыню абласной арганізацыі АГП і давераную асобу Сьвятланы Ціханоўскай.

Пра гэта Свабодзе паведаміла сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Тацяна Сівачэнка. Яна высьветліла, што Ўладзімера Шанцава ўтрымліваюць у Ленінскім аддзеле міліцыі. Партыец быў на чале мясцовага «Маршу новай Беларусі», які адбыўся 23 жніўня.

Каля 22-й гадзіны стала вядома, што Шанцава выпусьцілі. На яго склалі 4 адміністрацыйныя пратаколы за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП).

Па словах актывіста, яго затрымалі ля гатэлю «Магілёў», калі вяртаўся дамоў. Затрыманьне было жорсткае: яго атачылі супрацоўнікі АМАПу і зацягнулі ў аўтобус. Пасьля затрыманьня Шанцаў гадзіну патрабаваў назваць яго прычыну.

Выклікаюць у міліцыю яшчэ аднаго актыўнага пратэстоўца, вэтэрана апазыцыйнага руху Магілёва Валадара Цурпанава. Міліцыянты сёньня прынесьлі яму позву, але актывіст адмовіўся яе браць, бо яна была на расейскай мове.

23 жніўня Цурпанаў прыйшоў на марш першым. Яго спрабавалі затрымаць на плошчы Леніна, калі ён разгарнуў бел-чырвона-белы сьцяг, але грамада пратэстоўцаў абараніла актывіста.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG