Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клініка Charite: Навальны быў атручаны


Узброеная паліцыя каля клінікі ў Бэрліне, дзе праходзіць лячэньне Аляксея Навальнага, 24 жніўня 2020
Узброеная паліцыя каля клінікі ў Бэрліне, дзе праходзіць лячэньне Аляксея Навальнага, 24 жніўня 2020

Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны стаў ахвярай узьдзеяньня таксычнага рэчыва з групы інгібітараў холінэстэразы. Пра гэта заявіла ў панядзелак бэрлінская клініка Charite, дзе Навальны праходзіць лячэньне.

У паведамленьні пад загалоўкам «Клінічныя дадзеныя паказваюць на атручэньне Аляксея Навальнага», апублікаваным на сайце клінікі, гаворыцца, што «клінічныя дадзеныя паказваюць на інтаксыкацыю рэчывам з групы актыўных рэчываў, якія зьяўляюцца інгібітарамі холінэстэразы». Канкрэтнае рэчыва яшчэ невядомае. У паведамленьні падкрэсьліваецца, што наяўнасьць інгібітару холінэстэразы ў арганізьме была даказаная некалькі разоў у незалежных лябараторыях.

«Згодна з дыягназам, пацыенту прызначаюць антыдот атрапіну. Хада хваробы застаецца незразумелай, і нельга выключаць доўгатэрміновыя наступствы, асабліва адносна нэрвовай сыстэмы», — гаворыцца ў паведамленьні. У ім таксама сказана, што Навальны па-ранейшаму ў рэанімацыі ў стане штучнай комы, але цяпер сур’ёзнай небясьпекі для яго жыцьця няма.

«Дактары, якія лечаць Навальнага, знаходзяцца ў шчыльным кантакце з жонкай Аляксея Навальнага. Па ўзгадненьні зь ёй Charite зыходзіць з таго, што гэтае публічнае паведамленьне пра стан яго здароўя адпавядае яго інтарэсам», — гаворыцца ў паведамленьні.

Навальны адчуў сябе кепска раніцай 20 жніўня ў самалёце Томск — Масква. Двое сутак ён правёў у рэанімацыі ў Омску, дзе самалёт зрабіў экстраную пасадку. Раніцай у суботу яго перавезьлі ў Бэрлін. Паплечнікі Навальнага ад самага пачатку сьцьвярджалі, што апазыцыянэра атруцілі; мэдыкі, якія лячылі яго ў Омску, заяўлялі аб парушэньні абмену рэчываў, не называючы яго прычынаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG