Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская: «Пераломны момант ужо наступіў»


Сьвятлана Ціханоўская, 9 жніўня 2020
Сьвятлана Ціханоўская, 9 жніўня 2020

У відэаінтэрвію балтыйскаму інфармацыйнаму агенцтву BNS вечарам 22 жніўня Сьвятлана Ціханоўская сказала, што беларусы ўжо ніколі ня будуць такія, як раней.

— Як вас называць: былым кандыдатам у прэзыдэнты, абраным прэзыдэнтам, лідэрам апазыцыі ці як-небудзь яшчэ? Як бы вы назвалі сябе?

— Цяпер я назвала б сябе нацыянальным лідэрам.

— Чаму?

— Таму што так здарылася, што я, Сьвятлана Ціханоўская, стала сымбалем беларускага народу ў барацьбе за свае правы, за права гаварыць, за права выбіраць, за права абараняць свой голас.

— Як вы бачыце сваю місію цяпер?

— Цяпер мая місія палягае ў тым, каб падтрымаць народ у абароне сваіх галасоў, у абароне свайго права выбару, і дапамагчы прывесьці Беларусь да новых, сумленных і празрыстых выбараў.

— Якім чынам вы хочаце гэта зрабіць?

— Дзеля гэтага ў нас цяпер створана Каардынацыйная рада, які заклікае ўладу да дыялёгу, каб стварыць умовы для правядзеньня гэтых выбараў. Адным з асноўных пунктаў, адной з асноўных умоваў правядзеньня гэтых выбараў — вызваленьне палітвязьняў.

— Беларусь вы пакінулі дзеля сваёй бясьпекі, дзеля бясьпекі сваёй сям’і. Чаму вы выбралі Літву? Як вы сябе тут адчуваеце? Ці атрымліваеце ўсё магчымую дапамогу?

— У нас былі літоўскія візы, мае дзеці ўжо былі тут, і я проста да іх далучылася. У Літве адчуваю сябе ў абсалютнай бясьпецы. Я бачу добразычлівыя адносіны літоўцаў і велізарнае жаданьне нам дапамагчы, і велізарную падтрымку для ўсяго беларускага народу.

— Лукашэнка сёньня абвясьціў аб павышанай вайсковай гатоўнасьці ў Беларусі. Як вы думаеце, чаго ён дабіваецца гэтым? Якія наступствы гэты крок можа мець унутры краіны?

— Гэта крок, да якога беларускі народ ужо прывык. У прынцыпе, гэта звычайнае запалохваньне людзей. Але беларусы больш не баяцца. І яны гатовыя бараніць свае правы. Прэзыдэнту ўжо ніхто больш ня верыць.

— Ці няма небясьпекі, што вайсковыя сілы будуць пасланыя на вуліцу, каб ваяваць з пратэстоўцамі, дэманстрантамі?

— Вы ведаеце, нашы дэманстранты — гэта звычайныя людзі. Яны не выходзяць на вуліцу, каб ваяваць. Яны выходзяць на вуліцу, каб паказаць сваю нязгоду. Гэта злачынства з боку арміі, калі яна выканае гэты злачынны загад і выйдзе супраць беларускага народу. Таму што яны — гэта таксама беларускія людзі. І ня могуць беларусы біць беларусаў. Я больш чым упэўненая, што большасьць і ў арміі, і ў міліцыі гэта разумеюць.

— Ужо прайшлі амаль два тыдні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Ёсьць мітынгі, дэманстрацыі, забастоўкі. Але збоку здаецца, што рэжым адступаць не зьбіраецца. Як вы думаеце, што далей?

— Разумееце, беларускія людзі ўжо ніколі ня будуць такія, як раней. Калі вам здаецца, што ўсё заціхне, то гэтага ня здарыцца. Таму што нашы людзі прачнуліся, і яны ўжо ня змогуць жыць з гэтай уладай, якой яны не прымаюць, якой не ўспрымаюць, якой ніколі не прабачаць і не забудуць усіх тых злачынстваў, якія яна зрабіла.

— Але гэта, пэўна, можа працягвацца доўгі час?

— Можа працягвацца, а можа і не працягвацца. Калі ўлада ўсьведамляе сабе, што беларусы ўжо не памяняюцца, што Беларусь зрабіла свой выбар, што яны прынялі рашэньне і што яны абараняюць свае правы… І што беларусы таксама не адступяць. Паколькі ўлада заўсёды гаварыла, што яны — за краіну, што яны за Беларусь, то яны, каб гэты крызіс не паглыбляўся, павінны прыняць такое рашэньне і выйсьці на перамовы.

— Якія яшчэ інструмэнты і спосабы змаганьня павінна выкарыстаць грамадзянская супольнасьць, каб улада яе пачула?

— Глядзіце: мы не змагаемся за тое, каб нас пачулі. Гэта проста воля народу. Так, яны хочуць, каб іх пачулі. Яны выходзяць з гэтым мэсыджам на вуліцы. Яны выкарыстоўваюць усе законныя і легальныя спосабы, каб выказаць сваю волю.

— Проста ўжо ўсё выкарысталі? Больш нічога няма?

— Наш народ крэатыўны. Магчыма, прыдумае што-небудзь яшчэ.

— На вашу думку, што можа стаць пераломным момантам, калі ўжо рэжым (ня зможа вярнуцца да ранейшага. — РС)?

— Дык пераломны момант ужо наступіў. Менавіта тое, што нашы людзі, мірныя грамадзяне, былі жорстка зьбітыя, гэта і быў той пераломны момант, калі ўлада паказала сваё сапраўднае аблічча. Ён ужо здарыўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG