Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадры зьбіцьця Лукашэнка называе «пастановачнымі» і абяцае ад панядзелка «новыя парадкі»


«Пастановачныя кадры» паводле Лукашэнкі
«Пастановачныя кадры» паводле Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка падчас мітынгу ў Горадні заявіў, што 60% фатаграфіяў і відэазапісаў са сьлядамі зьбіцьця сілавікамі затрыманых — «пастановачныя кадры».

«У інтэрнэце хто сядзіць? 60% паказвалі сінякі, гэтыя 60% — пастановачныя кадры. Сёньня ня час пра гэта казаць, каб не трывожыць людзей. Пройдзе час, мы спакойна вам пра гэта скажам і пакажам», — сказаў Лукашэнка.

Пачынаючы ад дня прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, ідзе інфармацыя пра шматлікія выпадкі жорсткага абыходжаньня і катаваньня затрыманых у міліцыі, на вуліцах і ў ізалятарах часовага ўтрыманьня.

Лукашэнка гэтыя факты не прызнае: лічыць, што супрацоўнікі АМАП сталі ахвярамі фэйкаў, 300 сілавікоў нядаўна ўзнагародзіў за «бездакорную службу».

Таксама Лукашэнка прыгразіў, што спробы ціску і пагрозы з боку праціўнікаў улады будуць жорстка спыняцца ўжо «ад панядзелка». У прыватнасьці, намякнуў на дзейнасьць Каардынацыйнай рады.

«Зьявілася так званая чорная сотня. Ужо дзе-нідзе сталі ўзьнікаць асобныя цэнтры, пакуль не завяла пракуратура крымінальную справу. Як толькі распачалі, палова ці больш разьбегліся, а іншыя схаваліся пад плінтус. Мы іх выцягнем. Субота, нядзеля на роздум. З панядзелка хай ня крыўдзяцца. Улада павінна быць уладай», — паабяцаў наступствы Лукашэнка.

Сярод іншага Лукашэнка заклікаў дараваць міліцыянтам, «нават калі яны дзесьці памыліліся».

«Некаторыя абнаглелі да таго, што няшчасны мент на машыне прыехаў адрамантаваць машыну, каманда з Польшчы: ціснуць мянтоў. За што? Што вы будзеце рабіць, калі пачнецца бандытызм на вуліцах? Каму вы будзеце тэлефанаваць? 01, 02, 03 або 101, 102, 103. Мы з дзяцінства ведаем гэтыя тэлефоны, не граміце гэтых людзей. Гэта вашы людзі. Нават калі яны дзесьці памыліліся — даруйце ім», — скаў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG