Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйкаму МЗКЦ не дазволілі пранесьці на завод анкеты аб галасаваньні пра агульны страйк

абноўлена

На Менскім заводзе колавых цягачоў створаны страйкам, у які ўвайшлі 6 работнікаў заводу зь ліку рабочых і інжынэраў.

20 жніўня страйкам спрабаваў зладзіць тайнае галасаваньне аб тым, ці праводзіць страйк з патрабаваньнямі, якія збольшага супадаюць з патрабаваньнямі іншых буйных прадпрыемстваў.

Гэта адстаўка дзейнай улады, новыя выбары, вызваленьне палітвязьняў ды іншыя патрабаваньні. Раней на заводзе падпісвалі заяву з гэтымі патрабаваньнямі, але ці перадала адміністрацыя гэты дакумэнт наверх, людзі ня ведаюць.

Тады ўзьнікла ідэя далучыцца да агульнанацыянальнага страйку, але сутыкнуліся з праблемай, як яе арганізаваць паводле закону.

«Вырашылі зладзіць тайнае галасаваньне, але распаўсюдзіць анкеты для галасаваньня сёньня не ўдалося, паспрабуем заўтра», — апавёў Свабодзе Аляксандар, сябра страйкаму.

Паводле Аляксандра, яго са стосам анкет проста не пусьцілі на прадпрыемства, а калі ён спрабаваў раздаваць анкеты на прахадной, да яго падышлі міліцыянты і папярэдзілі пра адказнасьць.

«На нас ідзе ціск, пад росьпіс азнаёмілі з правіламі, паводле якіх ня маем права перашкаджаць працы заводу. Наша прадпрыемства асаблівае, яно падпарадкаванае Дзяржваенпраму. Нават перасоўваньне па заводзе адсочваецца. Сустрэцца дазваляюць толькі ў перапынак. Учора на сход за мяжой заводу сабраліся 50 чалавек, але зьявіліся міліцыянты і людзі разышліся. Паспрабуем распаўсюдзіць анкеты заўтра, яшчэ раіліся, як гэта лепш зрабіць», — сказаў Аляксандар.

Паводле яго, працаўнікі МЗКЦ, якія не адмаўляюцца ад ідэі страйку, баяцца, што іх не падтрымаюць іншыя. Сёньня раніцай да МЗКЦ прыйшлі некалькі дзясяткаў валянтэраў.

Людзі казалі сябрам страйкаму, што ад іх рашучасьці цяпер залежыць, ці ўдасца агульнанацыянальны страйк, і абяцалі юрыдычную ды арганізацыйную падтрымку.

А 6 гадзіне раніцы каля прахадных МЗКЦ дзяжурылі нарады міліцыі. Праз 2 гадзіны, калі валянтэры і страйкамаўцы разышліся, праваахоўнікі ад заводу зьехалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG