Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік афіцыйных прафсаюзаў заявіў, што стваральнікі страйкамаў зарабляюць палітычныя пункты


Міхаіл Орда

Старшыня праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда ў інтэрвію дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ заявіў, што стваральнікі страйкамаў на прадпрыемствах па падрыхтоўцы забастоўкі зарабляюць палітычныя пункты.

«Пачынаецца стварэньне нейкіх радаў, хто на што здольны. Іх ужо настваралі столькі... Я кажу: таварышы, ну ня трэба на ўсім гэтым зарабляць сабе палітычныя пункты, таму што гэта 100%, гэта бачна няўзброеным вокам — і толькі сёньня сьляпы можа гэтага не пабачыць», — сказаў Орда, які быў даверанай асобай Лукашэнкі на выбарах.

Паводле яго, ёсьць Нацыянальная рада, дзе прадстаўленыя «ўсе прафсаюзы», урад, Саюз наймальнікаў.

«Мы чакаем, што ў бліжэйшы час зьбяромся на такую Нацыянальную раду, ну і на многія пытаньні мы адкажам і многія пытаньні абмяркуем адкрыта».

Ён назваў падзеі 9–10 жніўня «беспрэцэдэнтнай эскаляцыяй і агрэсіяй», у якіх былі «канкрэтныя арганізатары, якія бачылі і якія стаялі недзе непадалёк, але цалкам кіравалі гэтымі групамі нашых людзей, нашай моладзі».

На многіх прадпрыемствах у Беларусі цягам апошняга тыдня паўсталі страйкавыя камітэты, якія прапрацоўваюць магчымасьць абвяшчэньня забастоўкі. Рабочыя патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, новых справядлівых выбараў і спыненьня гвалту сілавікоў у дачыненьні да мірных грамадзян.

Чальцы рабочых страйкамаў кажуць, што ў большасьці выпадкаў прадстаўнікі афіцыйных прафсаюзаў ім не дапамагаюць, а наадварот, працуюць разам з кіраўніцтвам прадпрыемстваў, каб спыніць пратэсты.

Пакуль толькі адно буйное дзяржаўнае прадпрыемства цалкам прыпыніла вытворчасьць — гэта салігорскі «Беларуськалій».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG