Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«50 ці 100 чалавек ня маюць права выступаць ад імя ўсяго прадпрыемства». Кіраўнік ураду пра страйкі 


Страйк на МТЗ
Страйк на МТЗ

Усе прадпрыемствы рэальнага сэктару эканомікі працуюць у штатным рэжыме, на некаторых ёсьць групы пратэстоўцаў, спасылаецца БелТА на прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанку.

«Прадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме, канвэеры нідзе ня спыненыя — гэта абсалютна рэальная сытуацыя. Сапраўды, на некаторых прадпрыемствах ёсьць групы пратэстацыйна настроеных супрацоўнікаў, яны такім чынам выказваюць сваю пазыцыю да таго, што адбываецца. Але што сумна — спрабуюць уцягнуць іншых», — сказаў кіраўнік ураду.

Ён лічыць, што большасьць прадстаўнікоў працоўных калектываў хочуць працаваць і разумеюць: правядзеньне такога кшталту «незаконных акцый — згубны шлях».

«Канстытуцыяй прадугледжана права на страйк (арт. 41). Але гэта мера для вырашэньня калектыўнай працоўнай спрэчкі пры парушэньні правоў працоўных, парушэньні працоўнай дамовы. Калі не спрацавалі нейкія прымірэнчыя мэханізмы, тады калектыў мае права абвясьціць страйк у поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй», — адзначыў прэм’ер-міністар.

Пры гэтым ён заявіў, што калі працэдура, прадугледжаная заканадаўствам, парушана, ні пра які страйк гаворкі быць ня можа.

«Таму 20, 30 чалавек, можа нават 50, 100 ці 200 ня маюць права выступаць ад імя ўсяго прадпрыемства і, больш за тое, уцягваць астатніх работнікаў у страйк ці іншыя акцыі пратэсту. Гэта, між іншым, зьяўляецца дзеяньнем, якое караецца, прычыненьнем шкоды. Гэта перашкода працы прадпрыемства, парушэньне яго рытму функцыянаваньня, бо ідуць страты», — сказаў Раман Галоўчанка.

Калі такія факты будуць даказаныя, людзі, датычныя да нанясеньня страты прадпрыемствам, будуць адказваць паводле закону, прыгразіў кіраўнік ураду.

Як раней паведамляла Свабода, два буйныя прамысловыя прадпрыемствы цалкам спынілі працу. Гэта салігорскі «Беларуськалій» і жлобінскі Беларускі мэталюргічны завод. На МАЗе, МТЗ, МЗКЦ і іншых працу прыпыніла частка супрацоўнікаў.

Рабочыя патрабуюць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, правядзеньня новых выбараў, спыненьня гвалту сілавікоў над мірнымі пратэстоўцамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG