Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: Падчас вулічных пратэстаў загінулі ня менш за пяць чалавек, сем — у крытычным стане


Паранены ў вайскова-мэдычным клінічным цэнтры № 432 у Менску

Падчас вулічных пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі загінулі прынамсі пяць чалавек, сем — знаходзяцца ў крытычным стане ў рэанімацыі.

Такія зьвесткі прыводзяцца ў дакладзе асьветніцка-сацыяльнага грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно», які ёсьць у распараджэньні БелаПАН.

Даклад прысьвечаны парушэньню правоў удзельнікаў пратэстаў у Беларусі ў пэрыяд з 7 па 14 жніўня. Валянтэры «Зьвяна» адшукалі ў лякарнях Менску 120 чалавек і апыталі 30 пацярпелых, якія атрымалі траўмы рознай ступені сур’ёзнасьці.

Афіцыйна ўлады паведамілі толькі пра аднаго загінулага, у Менску на Пушкінскай — Аляксандра Тарайкоўскага.

Старшыня рады «Зьвяна» Тацяна Гацура-Яворская расказала БелаПАН, што 25-гадоваму Аляксандру Віхору, які загінуў у Гомлі, было адмоўлена ў мэдычнай дапамозе. З гэтай нагоды, як і ў выпадку гібелі Тарайкоўскага, не праводзіцца расьсьледаваньне і адмоўлена ў судова-мэдычнай экспэртызе прычынаў сьмерці.

Праваабаронцы маюць сьведчаньні людзей, якія трапілі ў лякарні зь пераломамі рэбраў, рук, пашкоджаньнямі вачніц і іншымі траўмамі, пры якіх патрабуецца неадкладная мэдычная дапамога. Усе яны сьцьвярджаюць, што мэдычная дапамога аказвалася праз 6–12 гадзін пасьля атрыманьня траўмы, некаторым толькі пасьля страты прытомнасьці.

Праваабаронцы адзначылі, што парушалася права на асабістую свабоду і недатыкальнасьць. Большасьць пацярпелых заяўляюць пра сваё затрыманьне без падставаў.

Парушалася таксама права на свабоду ад катаваньняў і жорсткага абыходжаньня. Пацярпелыя сьведчаць, што яны не аказвалі супраціву пры затрыманьні, аднак іх жорстка зьбівалі дручкамі падчас затрыманьня, у аўтазаку і пасьля прыбыцьця ў РУУС Менску.

Праваабаронцы паказваюць на непрапарцыйнае і незаконнае выкарыстаньне сілы. Многія пацярпелыя атрымалі раненьні і апёкі ад святлашумавых гранат, пры гэтым яны былі бяз зброі і не нападалі на прадстаўнікоў улады, гаворыцца ў дакладзе. Гранаты кідалі проста ў людзей або ў непасрэднай блізкасьці да людзей, і яны наносілі сурʼёзныя раненьні.

У дакладзе таксама адзначаецца адсутнасьць праўных спосабаў абароны. Ніводзін з пацярпелых ня мог разьлічваць на абарону адваката. Многіх людзей адпускалі зьехаць на машыне хуткай дапамогі толькі пры ўмове падпісаньня пратаколу, дзе затрыманы згаджаўся з тым, што ён аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі ці браў удзел у несанкцыянаваным захадзе. Пацярпелым пагражалі, што ў выпадку заявы аб ужываньні да іх незаконнай фізычнай сілы і катаваньняў іх прыцягнуць да адказнасьці паводле крымінальнага артыкулу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG