Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мяккае, неагрэсіўнае грамадзтва раптам зайшлося ад жаху, болю і крыўды — і прачнулася


Аляксандар Лукашэнка на мітынгу 16 жніўня
Аляксандар Лукашэнка на мітынгу 16 жніўня

Слухаючы прамову Лукашэнкі на мітынгу 16 жніўня, часам здавалася, што ён не тутэйшы, чужаземец, што ён ня бачыць і не разумее народу, якім кіруе.

Падтэкстам да ўсёй ягонай прасякнутай крыўдай і неразуменьнем прамовы гучала пытаньне: «Што я зрабіў ня так?»

Яны сапраўды загадзя, мэтанакіравана і грунтоўна рыхтаваліся супрацьстаяць «каляровай» рэвалюцыі і зрабілі, здавалася, усё, каб разбурыць усе магчымыя сцэнары.

Рэальных і нават патэнцыйных лідэраў, завадатараў, каардынатараў загадзя пасадзілі.

Палітычнае поле напярэдадні выбараў выглядала, як забэтанаваная пляцоўка.

Усе сцэнары суседніх «каляровых рэвалюцый» дэталёва вывучалі, прааналізавалі, зь іх зрабілі высновы і аформілі ў выглядзе «мэтадычак» для ідэолягаў.

Выбарчая кампанія нагадвала спэцапэрацыю. Ніякіх незалежных назіральнікаў, ніякага кантролю, ніякіх аб’ектыўных падлікаў.

Фатальнае спалучэньне

Здаецца, нідзе ва Ўсходняй Эўропе, па якой з канца 80-х гадоў (дзе раней, а дзе пазьней) пракацілася хваля народных рэвалюцый, не было такога спалучэньня, калі б настолькі жорсткі і бязьлітасны аўтакрат кіраваў настолькі рахманым, неагрэсіўным, мяккім народам.

Але гэта яго, хутчэй за ўсё, і прывяло (ці прывядзе ў блізкай будучыні) да фатальнага фіналу.

Часам здаецца, што ён не тутэйшы, чужаземец, што ён ня бачыць і не разумее народу, якім кіруе.

«Дзе мой народ?» — чытаецца на ягоным разгубленым твары. Той народ, які абагаўляў яго на перадвыбарчых мітынгах у чэрвені 1994-га; які нёс да яго абразы і падстаўляў галоўкі дзяцей, каб ён іх блаславіў, нібы сьвяты; які плакаў ад замілаваньня і ўзрушэньня, калі ён, прыкладаючы руку да сэрца, абяцаў вывесьці яго ў блаславёныя далячыні.

А таго народу няма. За 26 гадоў некалькі мільёнаў тых, што былі выбарнікамі ў 1994-м, адышлі ў лепшы сьвет, так і не дачакаўшыся абяцанага дабрабыту. Яшчэ некалькі мільёнаў ціха дажываюць свой век у спарахнелых вёсачках ці на далёкіх лецішчах, мала цікавячыся тым, што адбываецца ў беларускай палітыцы. А сёньняшняя актыўная моладзь і людзі сярэдняга веку у сваёй пераважнай бальшыні зусім іншыя. Ён не разумее іх, інакш бы паводзіў сябе зусім іначай. Ён ніколі ня меў непасрэднага кантакту з гэтымі пакаленьнямі, бо ўвесь той час, калі яны гадаваліся і фармаваліся, быў аддзелены ад іх — ці высокімі бэтоннымі агароджамі сваіх рэзыдэнцый, ці браняванымі шыбамі лімузінаў.

Ён хоча бачыць усіх, хто замахнуўся на ягоную ўладу, агрэсіўнымі, асацыяльнымі, крымінальнікамі, беспрацоўнымі, падманутымі... А яны ідуць дзясяткамі і сотнямі тысяч — юныя, адухоўленыя, з прыгожымі адкрытымі тварамі, з усьмешкамі на вуснах, гавораць на камэру разумныя і прыгожыя словы. Нават падчас мітынгаў прыбіраюць за сабой сьмецьце і здымаюць абутак, ступаючы на вулічную лаўку, каб лепей бачыць тое, што адбываецца навокал.

Гвалт, які не напалохаў, а абурыў і заклікаў да супраціву

Можа, гэта і патрэбна было гісторыі, каб такое мяккае, бяскрыўднае, неагрэсіўнае грамадзтва, якое, здавалася, назаўсёды звыклася са сваім прыгнечаным, прыдушаным станам, раптам зайшлося ад жаху, болю і крыўды, убачыўшы тое, што ўлада ўчыніла зь ягонымі сынамі і дочкамі 9, 10, 11 жніўня. Нематываваная, невытлумачальная агрэсія абудзіла і абурыла нават тых, хто ніколі не цікавіўся палітыкай ці паслухмяна галасаваў за гэту ўладу. І гэта, выглядае — фатальная памылка рэжыму.

Улада мітусьліва шукае хоць нейкае апраўданьне свайму гвалту. Па БТ зноў і зноў круцяць кадры пра «монстра NATO», які вядзе манэўры ля беларускіх межаў. Ён зноў паўтарае, што нехта нібыта хоча аднавіць мяжу пад Менскам і толькі і марыць, каб напасьці на нашу наіўную і безабаронную радзіму. Але хто ў гэта паверыць, калі амаль ад усіх суседзяў — толькі галасы спагады, спачуваньня і салідарнасьці? Хоць ты сам на сябе нападзі і гераічна трымай абарону, апраўдваючы ўласную азлобленасьць і агрэсіўнасьць.

... Безумоўна, яшчэ нічога не закончылася і ўсё можа здарыцца. І вонкавы спакой, які пануе наўкол, падманлівы. Але нейкі злом у адладжанай машыне жорсткага аўтарытарнага рэжыму адбыўся.

І ўчора, і сёньня, дабіраючыся на працу з-за гораду, на працягу дзясяткаў кілямэтраў ня бачыў ніводнай міліцэйскай ці армейскай машыны (тыдзень таму яны былі паўсюль). Уключыў раніцай дзяржаўнае радыё: замест звыклай прапаганды навіны пачынаюцца пра тое, што «сярэдняя вага цукровага бурака на беларускіх палетках дасягнула трох кіляграмаў».

Учора позна ўвечары мой дзесяцігадовы сын, наглядзеўшыся ў інтэрнэце, як паўстала Беларусь, папрасіў у мяне бел-чырвона-белы сьцяг. Надзеў яго на дрэўка і выйшаў памахаць на лецішча. Было ўжо позна, ніводнага чалавека наўкол не відаць. Але для яго гэта было важна. Ён рабіў гэта проста для сябе. Каб адчуваць сябе далучаным да агульнай вялікай справы.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG