Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін можа пасяліць Лукашэнку ў Смаленску і зрэдку запрашаць на прыёмы, — Сяргей Навумчык


Яшчэ пазаўчора здавалася, што ў выпадку просьбы Лукашэнкі ўвесьці ў Беларусь войскі Пуцін бы зрабіў гэта ахвотна (прыгадаем хоць бы навязваньне Беларусі вайсковай авіябазы). Такое нельга цалкам выключаць і сёньня, але некаторыя фактары сьведчаць, што зрабіць гэта куды больш праблематычна, чым нават паўгода таму.

Па-першае, аслабла прававая падстава такога кроку. Беларусь па-ранейшаму застаецца ў АДКБ, ёсьць часткай так званай «саюзнай дзяржавы», і зварот кіраўніцтва краіны можа ўспрымацца дастатковай падставай для ўводу войскаў. Праўда, у дамове АДКБ агаворваецца, што для гэтага патрэбная вонкавая агрэсія — тут можа дапамагчы апэрацыя «Вагнэр.2». Але зьвярнуцца павінен легітымны кіраўнік краіны, а сёньня легітымнасьць Лукашэнкі ставяць пад сумнеў ужо афіцыйныя асобы; так, міністар замежных спраў Літвы назваў яго «былым кіраўніком».

Па-другое, сам Пуцін знаходзіцца ў даволі сумнеўнай сытуацыі пасьля «абнуленьня» Канстытуцыі, і ўскладняць сваё міжнароднае становішча дзеля дапамогі Лукашэнку, да якога ён, як вядома, мае даўнюю асабістую антыпатыю, наўрад ці жадае.

Куды больш прыемна прыняць Лукашэнку ў ролі Януковіча, пасяліць яго недзе ў Смаленску і раз на год, запрасіўшы на навагодні прыём у які-небудзь дзясяты шэраг, падысьці, паляпаць па плячы і сказаць: «Всё никак не могу, Григорьич, найти время в хоккей с тобой срубиться», і, ня слухаючы адказу, пайсьці далей.

Безумоўна, усё гэта — і легітымнасьць, і міжнароднае рэнамэ — Крэмль можа лёгка адкінуць перад спакусай прыдбаць сабе Беларусь. Такое ўжо рабілася неаднойчы. Але тут уступае ў сілу трэці фактар, самы галоўны.

На шматтысячных мітынгах і, што важна, на сходах рабочых ёсьць толькі бел-чырвона-белыя сьцягі і ніводнага расейскага, як няма і заклікаў «Путин, приди!» Калі Пуцін вырашыць усё ж прыйсьці — ён мусіць разумець, што прыём яго ў Беларусі чакае зусім не такі, як у Крыме.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG