Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За відэа пратэстаў у тэлефоне супрацоўніку Tut.by зламалі рабро і разьбілі галаву 


Чарга ў шпіталь хуткай дапамогі, ілюстрацыйнае фота
Чарга ў шпіталь хуткай дапамогі, ілюстрацыйнае фота

У дзень пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 10 жніўня ў Менску ў раёне стэлы затрымалі супрацоўніка Tut.by Мікіту Быстрыка. Падставай сталі відэа на тэлефоне, якія ён здымаў на мірных пратэстах на Нямізе і ля стэлы 9 жніўня. ​

Разам зь сябрамі яго забралі ў аўтазак, дзе брутальна зьбілі. 12 жніўня малады чалавек зьвязаўся з рэдакцыяй і паведаміў, што знаходзіцца ў жодзінскай лякарні: у яго зламанае рабро і траўмаваныя ныркі, наклалі тры швы на галаву. Цяпер Мікіта дома.

10 жніўня Мікіта Быстрык — спэцыяліст у працы з кліентамі — у кампаніі сяброў гуляў па парку Перамогі. Пара пэнсіянэраў, якая ішла насустрач, папярэдзіла: ісьці далей ня варта, там забіраюць. Кампанія разьвярнулася і пайшла ў іншы бок.

«Ззаду нам крыкнулі амапаўцы: „Трое, стойце!“. Падышлі, пачалі вышукваць асабістыя рэчы, капацца ў тэлефонах. У мяне знайшлі два кароткія відэа зь нядзельнага вечара: я здымаў натоўп як староньні назіральнік спачатку на Нямізе, а калі там пачаўся закалот, накіраваўся ў бок стэлы».

Сілавікам гэтага было дастаткова: усіх па чарзе закінулі ў аўтазак. Унутры стаялі чатыры амапаўцы, двое з дручкамі. Яны адначасова пачалі зьбіваць Мікіту. Зламалі рабро, адбілі нырку, засталося шмат гематомаў. Падобная лёс напаткаў і ягоных сяброў. Аднаму нажом адрэзалі доўгія валасы.

Пасьля гэтага іх перакінулі ў іншаы аўтазак, зьмясьцілі ў клетку і бліжэй да 22-й гадзіны прывезлі ў РУУС. У які канкрэтна, невядома, бо перамяшчалі тварам долу, з заламанымі за сьпіну рукамі.

«Нас пасадзілі ў нейкай актавай залі, усяго каля 130 затрыманых. Хтосьці сядзеў на крэсьле з рукамі перад сабой, хтосьці ляжаў на падлозе. Запісвалі дадзеныя, правяралі ў базе. Калі даведаліся, што я з TUT.BY, за гэта яшчэ дадаткова „ўлупілі“ — са словамі „гэтыя м...зі любяць пра нас дрэннае пісаць“. Чалавечага стаўленьня за ўвесь час не было, ставіліся як да жывёлы — і фізычна, і маральна, і словамі».

Пасьля гэтага Мікіту Быстрыка зьмясцілі ў камэру, дзе былі восем чалавек. Увесь час было чуваць, як АМАП кагосьці зьбівае: удары і стогны людзей. Некаторых прымушалі маліцца на каленях... Пастаянна запытвалі, што не падабаецца ў краіне.

У камэры былі да раніцы. Потым зноў павялі ў залю, там людзі праседзелі гадзіны чатыры. Пасьля частку затрыманых адпусьцілі дадому (у тым ліку аднаго сябра Мікіты, у якога не было тэлефона), а частку павезьлі ў Жодзінскае СІЗА.

Па дарозе Мікіту зноў зьбілі, раскроілі галаву. З галавы кроў сьцякала па целе і трапляла на суседзяў, бо камэра была разьлічаная на аднаго, а ехалі як у шчамлётках, згадвае ён.

Па прыезьдзе ў Жодзіна яго і іншых затрыманых аглядзеў лекар, тады ж Мікіту шпіталізавалі. Увечары 11 жніўня хлопец трапіў у лякарню, яму зрабілі рэнтген і наклалі тры швы на галаве.

Такім чынам, цягам сутак хлопцу са зламаным рабром і пабіцьцём ніякай дапамогі не аказвалі. Увесь гэты час затрыманых не кармілі, толькі давалі піць і зрэдку выводзілі ў прыбіральню.

Спачатку мэдыкі сказалі, што тыдзень давядзецца правесьці ў лякарні, але цяпер ён ужо дома. Малады чалавек ня ведае, ці будзе суд, бо ніякай інфармацыі з гэтай нагоды не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG