Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдат Чэрачань адмовіўся прызнаваць афіцыйныя вынікі выбараў


Сяргей Чэрачань падчас галасаваньня ў Менску
Сяргей Чэрачань падчас галасаваньня ў Менску

«Ня бачым падставаў прызнаць вынікі выбараў, якія мусілі прайсьці ў Беларусі 9 жніўня. Нармальнай электаральнай працэдуры — законнай і мірнай — не адбылося», — гаворыцца ў заяве экс-кандыдата ў прэзыдэнты, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня.

«З усёй краіны паступаюць сьведчаньні аб шматлікіх парушэньнях і аб немагчымасьці азнаёміцца з рэальнымі вынікамі галасаваньня», — адзначыў ён.

Паводле палітыка, парушэньні зафіксаваныя на ўсіх участках, дзе яго давераныя асобы назіралі за выбарамі. Адпаведныя заявы падалі ў вышэйшыя выбарчыя камісіі і пракуратуру.

«Мы заўсёды заяўлялі адкрыта: мы за негвалтоўныя перамены. Выкарыстаньне сьвятлашумавых гранатаў і страляніна па мірных дэманстрантах гумавымі кулямі — гэта ня тыя сродкі, з дапамогай якіх можна перамагаць на выбарах», — падкрэсьліў Чэрачань.

Палітык адзначыў, што кіраўнік яго штабу Мікалай Лысянкоў яшчэ 7 жніўня, за два дні да выбараў, быў арыштаваны на 10 дзён «з надуманай прычыны». Былі таксама затрыманыя каардынатар у Віцебску Мацьвей Бяляй і каардынатар у Стоўпцах Андрэй Буката. Зь некаторымі актывістамі дагэтуль няма сувязі, паведаміў Чэрачань, заклікаўшы вызваліць усіх палітычных вязьняў.

«Беларускі народ павінен мець права свабодна выбіраць сваю ўладу, свабодна хадзіць па вуліцах сваіх гарадоў, свабодна карыстацца інтэрнэтам», — перакананы экс-кандыдат у прэзыдэнты.

Пры гэтым ён лічыць важным «пазьбегнуць міжнароднай ізаляцыі Беларусі, да якой могуць прывесьці санкцыі.

«Замест гэтага нам патрэбна падтрымка для пацярпелых і пашырэньне супрацоўніцтва з грамадзкімі арганізацыямі, грамадзянскімі ініцыятывамі і незалежнымі мэдыя», — заявіў Чэрачань.

Палітык паведаміў, што яго каманда працягне працу, каб «усімі мірнымі спосабамі» дамагацца зьменаў, пра якія яна казала падчас выбарчай кампаніі.

Паводле ЦВК, Сяргей Чэрачань атрымаў 1,14% галасоў, заняўшы апошняе месца сярод пяці кандыдатаў у прэзыдэнты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG