Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнты краінаў Балтыі і Польшчы заклікалі Лукашэнку спыніць гвалт супраць свайго народу


Менск, 11 жніўня 2020 г.

Прэзыдэнты краінаў Балтыі і Польшчы заклікалі кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнку спыніць выкарыстаньне сілы супраць свайго народу, вызваліць неадкладна ўсіх затрыманых дэманстрантаў і пачаць дыялёг з народам Беларусі.

«Мы, прэзыдэнты Літвы, Эстоніі, Латвіі і Польшчы, як найбліжэйшыя суседзі Беларусі, удзельнікі NATO і Эўрапейскага Зьвязу, жадаем, каб Беларусь была стабільнай, дэмакратычнай і заможнай краінай», — сказана ў супольнай заяве, паведамілі ў чацьвер «Інтэрфаксу» у прэс-службе прэзыдэнткі Эстоніі.

Падпісанты заклікалі прэзыдэнта Беларусі:

«1. Зьмякчыць канфліктную сытуацыю і неадкладна спыніць выкарыстаньне сілы супраць свайго народу. Настойліва заклікаем спыніць гвалт і паважаць асноўныя свабоды, правы чалавека і грамадзян, у тым ліку свабоду слова, СМІ, сходаў і журналістыкі.

2. Неадкладна вызваліць усіх затрыманых дэманстрантаў, спыніць далейшы перасьлед.

3. Неадкладна пачаць дыялёг з народам Беларусі. Прыслухоўвацца да голасу свайго народу і дазволіць яму свабодна гаварыць...»

«Калі ўлады Беларусі выканаюць гэтыя перадумовы, дзьверы для супрацоўніцтва зь міжнароднай супольнасьцю можна будзе пакінуць адкрытымі. Ізаляцыя ня ёсьць шляхам для павышэньня дабрабыту і разьвіцьця ні для аднаго народу. Мы гатовыя быць пасярэднікамі для дасягненьня мірнага рашэньня ў Беларусі, умацаваньня незалежнасьці і сувэрэнітэту дзяржавы», — сказана ў заяве.

Дакумэнт падпісалі прэзыдэнты: Літвы — Гітанас Наўседа, Эстоніі — Керсьці Кальюлайд, Латвіі — Эгілс Лэвітс, Польшчы — Анджэй Дуда.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG