Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы зрабілі грамадзянскі ўчынак». Зінаіда Бандарэнка зьвярнулася да журналістаў, якія звольніліся з БТ


Зінаіда Бандарэнка

Шматгадовая дыктарка Беларускай тэлевізіі Зінаіда Бандарэнка зьвярнулася ў рэакцыю Свабоды, каб выказаць стаўленьне да масавых выпадкаў звальненьня вядоўцаў зь дзяржаўных тэле- і радыёканалаў.

Масавы сыход супрацоўнікаў з афіцыйных СМІ ня мае прэцэдэнтаў і можа выклікаць яшчэ большую хвалю: цярпеньне лопнула нават у тых, хто пачуваўся някепска матэрыяльна, але ня змог суіснаваць у атмасфэры прапагандысцкай хлусьні, падкрэсьлівае яна.

«Пабачыла інфармацыю пра тое, што цэлая група тэлевядоўцаў звольнілася з розных тэле- і радыёканалаў. Мае дарагія, хачу зьвярнуцца да вас усіх. Шчыра вітаю і дзякую. Хочацца пералічыць пайменна, але сьпіс увесь час пашыраецца, баюся некага не назваць. Вы зрабілі грамадзянскі ўчынак. Па сабе ведаю, як гэта цяжка рабіць людзям публічнай прафэсіі. Але сёньня беларусы іншыя, людзі вас зразумеюць і падтрымаюць. Жыве Беларусь!», — заявіла Зінаіда Бандарэнка ў сваім звароце да калегаў.

У пачатку 2000-х Зінаіда Бандарэнка сама сышла зь тэлевізіі, ня бачачы сябе ў ролі дзяржаўнай прапагандысткі. А незадоўга да прэзыдэнцкіх выбараў у інтэрвію Свабодзе заклікала беларусаў не галасаваць за «хамскую ўладу», якая зьдзекуецца з уласнага народу.

«Калі шчыра любіш сваю справу, вельмі цяжка раптам паставіць на ёй крыж, — працягвае Зінаіда Аляксандраўна. — Я гэты этап перажыла. Але сёньня служыць гэтай уладзе немагчыма. Тое, што адбываецца, — штуршок ад самой Беларусі, ад нашага грамадзтва, якое стамілася трываць хлусьню і хамства. У свой час я была адна, а цяпер гэта пэўны акт салідарнасьці... Чытаю, гляджу і проста малю Бога, каб не пралілося больш крывіначкі беларускай, наш народ гэтага не заслугоўвае...», — ня стрымлівае сьлёз колішняя дыктарка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG