Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы трапіце ў пекла з пасадаю Дзеда Мароза». Камэнтар Андрэя Хадановіча да цяперашняй сытуацыі


Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч напісаў вершаваную параду аднаму агульнавядомаму дзеду, чым яму заняцца на пэнсіі.

Ліст да былога

Вам пішуць лісты ўсё адчайней — то вершы, то проза.
Вы трапіце ў пекла з пасадаю Дзеда Мароза.
У возеры лёду зь нядобрай лацінскаю назвай
прымерзлы да меха лістоў: атрымаў — то адказвай.

Псыхоляг спытае: «Як жыў ты, ня любы нікому, —
так доўга і нудна, што ледзь не загнаў нас у кому?»
Эўропа свабоды, законаў краіне пазычыць.
Бабуля-Сьнягурка лісты пасартуе, падлічыць.

Напіша з намётаў пра Плошчу дзьве тысячы шосты.
Сямнаццаты пра дармаедаў. Пра «амэрыканку» дзясяты:
«Ці помніш наш плач на Каляды? Ці помніш пра ШОС ты?»
Вы ў роспачы: «Ёлка, зажгись!» — выбухаюць гранаты.

«Дзядуля, ці вернецца тата?» — пытае маленькі.
«Нягоднік, дачку адпусьці!» — праклінае старая.
Чытаеце ліст — і дрыжаць ад марозу каленкі,
а хтосьці ўвесь час, кожны дзень, на вачах памірае.

З Абхазіі, Крыму, Данбасу напішуць прыязьней,
але не ўратуе, бо ўсё — аб суседзе крывавым.
А хтось перашле вам у пекла лісты палітвязьням,
усім палітвязьням — і будзе надоўга чытва вам.

Дашлюць дзевяностыя сьмешныя мэмы пра яйцы.
Дваццаты ж напіша: «А знаеце, вас не баяцца.
Калі супраць нас вы калёну шляце за калёнаю, —
баімся, ды ўсё-ткі выходзім. Бо страх — не галоўнае.

Досьць жартаў пра бацьку. Хапае і ўласных бацькоў нам.
Вы ж чуйкаю чуеце шанец апошні сысьці!
Жывому ніколі ня позна пабыць беспрацоўным,
ці Дзедам Марозам для ўнукаў — яшчэ пры жыцьці».

11–12.08.2020

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG