Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнатар выступіў з заклікам да адміністрацыі ЗША адклікаць кандыдатуру на пост амбасадара ў Беларусі


Сэнатар Крыс Мэрфі

Сэнатар Крыс Мэрфі заклікаў Белы дом зьняць кандыдатуру намесьніка памочніка дзяржсакратара Джулі Фішэр, прапанаваную на пасаду амбасадара ЗША ў Беларусі, у сувязі з пратэстамі, якія праходзяць у гэтай краіне пасьля выбараў прэзыдэнта, інфармуе «Інтэрфакс».

Выбары-2020. Пратэсты, затрыманьні і салідарнасьць. Што адбываецца ў Беларусі

«Гэтая тактыка (задушэньня пратэстаў у Беларусі. — РС) непрымальная і сьведчыць пра слабасьць лідэра, які павінен ужываць сілу, каб застацца ва ўладзе», — гаворыцца ў заяве Мэрфі.

Паводле сэнатара, хоць ён і падтрымлівае ідэю больш цесных стасункаў паміж ЗША і беларускім народам, але цяпер ня час «паляпшаць дыпляматычныя адносіны з урадам Лукашэнкі».

«Адпраўка амбасадара ў Менск цяпер, упершыню за больш чым дзесяцігадовы тэрмін, будзе сыгналам таго, што ЗША патураюць гэтым дзеяньням, і я гатовы выступіць супраць вылучэньня кандыдатуры ў камітэце міжнародных зносінаў, калі яна ня будзе адкліканая прэзыдэнтам», — паведаміў Мэрфі.

Як паведамлялася, пасьля дыпляматычнага скандалу ў 2008 годзе Менск і Вашынгтон на ўзаемнай аснове адклікалі амбасадараў і да мінімуму скарацілі колькасны склад дыпляматычных прадстаўніцтваў. Пазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх краін было зьніжана з узроўню амбасадара да часовага паверанага.

Апошнім часам стасункі Беларусі з Захадам паляпшаліся на фоне ролі Менску ва ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў траўні ўнёс у сэнат кандыдатуру Фішэр для зацьвярджэньня на пасаду амбасадара ў Мінску. Прыбыцьцё ў Менск амэрыканскага амбасадара чакалася гэтым летам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG