Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзей хапалі пачкамі». Што кажуць сваякі і сябры затрыманых у Віцебску


Ілюстрацыйнае фота, затрыманьні ў Менску ў ліпені 2020 году

У панядзелак, 10 жніўня, каля віцебскага ізалятара часовага ўтрыманьня дзяжурылі сваякі і сябры затрыманых у горадзе апошнімі днямі.

Найбольш людзей затрымалі ўвечары ў нядзелю, 9 жніўня. Паводле неафіцыйных падлікаў, за краты трапілі каля 200 чалавек.

Дар’я спрабуе даведацца пра лёс свайго маладога чалавека. Ільлю затрымалі, калі ён зь сябрам выходзіў з крамы каля плошчы Перамогі. Побач з Дарʼяй стаяць бацькі Ільлі.

Дарʼя кажа, што людзей затрымлівалі без усялякага разбору. Нават тых, хто проста сядзеў на лаўках у сквэры побач з плошчай Перамогі. «Людзей хапалі пачкамі», кажа яна. Яе сябры сталі сьведкамі затрыманьня сямʼі зь дзіцем гадоў дзесяці і сабакам. Сабаку дарогай высадзілі з машыны.

Ксенію і яе сяброў затрымалі, калі яны пешкі вярталіся дадому. У тым ліку яе маладога чалавека Ільлю.

«Мы дайшлі да плошчы Перамогі, і група маладзёнаў ззаду пачала скандаваць: „Жыве Беларусь“. Нас усіх і затрымалі», — узгадвае дзяўчына.

Ксенія кажа, што затрыманых у аўтазаку было шасьцёра — яна і пяцёра хлопцаў. Паўтары гадзіны іх вазілі па горадзе. Дзяўчына мяркуе, гэта таму, што ў ІЧУ не было месца. Рабілі санітарныя прыпынкі, давалі піць, адчынялі дзьверы, каб падыхаць. У аднаго з затрыманых была астма.

Ксенію адпусьцілі 10 жніўня а пятай раніцы. Яна непаўналетняя. 18 ёй споўніцца праз два тыдні. Ільля і двое сяброў Ксеніі засталіся ў ізалятары.

Дзяўчына кажа, што яе дапытвалі ў віцебскім РАУС, што побач з ізалятарам.

«Гэта быў моцны эмацыйны ціск», — кажа яна.

З слоў дзяўчыны, допыт цягнуўся доўга. У кабінэт заходзілі розныя людзі, кожны нешта распытваў. Яе папракалі ў тым, што яна зьвязалася з кепскай кампаніяй. Асабліва пасьля таго, як у тэлефоне знайшлі спасылкі на плятформу «Голас». Перад сыходам Ксенія падпісала пратакол аб затрыманьні, а таксама расьпіску, што сёньня на плошчы Перамогі яе ня будзе.

Жанчына сталага веку пільнуе каля ІЧУ сына — яго затрымалі ў суботу, 8 жніўня. Яна сказала, што сын быў назіральнікам на адным з выбарчых участкаў. Больш нічога гаварыць не захацела.

Сяргей зь сябрам Генадзем учора сядзелі ў машыне на паркоўцы каля плошчы Перамогі. Генадзь выйшаў з машыны і пачаў здымаць на тэлефон, як АМАП затрымлівае людзей. Да яго падбеглі, заламалі рукі і таксама павялі ў аўтазак. Сяргей шукаў сябра ўсю ноч. Урэшце набраў 102 і сказаў, што падае ў вышук. Тады яму паведамілі, што Генадзь у ІЧУ.

Паводле Сяргея, уначы каля ІЧУ было шмат бацькоў, якія хацелі забраць сваіх дзяцей. Непаўналетніх адпусьцілі. Пасьля выйшаў супрацоўнік ІЧУ і паведаміў, што да суду ў ізалятары застаюцца тыя, хто дрэнна сябе паводзіў. Сяргей начаваў у машыне. Сёньня чакае, ці адбудзецца суд.

Брата Мікіты Авярʼянава Яўгена затрымалі 7 жніўня ў бацькоўскай кватэры, на бальконе якой ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг. Разам зь Яўгенам затрымалі і ягоных бацькоў.

«Маці адмовілася ісьці. Яе чатыры чалавекі выводзілі з дому. Пасьля маці адпусьцілі. Бацьку таксама — ён інвалід другой групы. Брата пакінулі ў ІЧУ», — расказаў Мікіта.

Канстанцін зранку шукаў свайго сябра Сяргея. Кажа, Сяргей пайшоў на свой выбарчы ўчастак у спальным раёне, каб даведацца пра вынікі галасаваньня. Ён пасьпеў патэлефанаваць Канстанціну, каб сказаць, што каля ўчастку затрымліваюць людзей.

Цягам дня ў ІЧУ казалі, што суды адбудуцца сёньня і ўсіх адпусьцяць. Аднак нікога з затрыманых ня выпусьцілі. Сваякі лічаць, гэта зрабілі для таго, каб пазбавіць людзей магчымасьці выйсьці на пратэст увечары 10 жніўня.

Каля шостай гадзіны вечара да ізалятара прыехаў АМАП. Пра гэта паведаміла жонка затрыманага журналіста Зьмітра Казакевіча Ірына. Яна разам зь іншымі сваякамі і сябрамі была каля ІЧУ — чакала вынікаў суду. Каля дзесяці амапаўцаў сталі ў шарэнгу і прымусілі людзей сысьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG