Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве каля амбасады Беларусі патрабуюць спыніць гвалт супраць мірных пратэстоўцаў. ФОТА


Беларускія дабраахвотнікі каля амбасады Беларусі

Амбасаду Беларусі ва Ўкраіне другі дзень ахоўваюць ва ўзмоцненым рэжыме — напярэдадні беларускія грамадзяне, якія не змаглі прагаласаваць, не разыходзіліся да позьняга вечара, а сёньня беларусы і ўкраінцы прыйшлі разам, каб патрабаваць спыніць гвалт і вызваліць усіх палітвязьняў.

Выбары-2020: 3000 затрыманых па ўсёй Беларусі, краіна без інтэрнэту

«Патрабуем спыніць рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі. Тэрмінова вызваліць з-пад арышту ўсіх затрыманых, усіх палітвязьняў, прыцягнуць да адказнасьці прадстаўнікоў сілавых структур за гвалт супраць мірных грамадзян», — тэкст адпаведнай пэтыцыі, якія плянуюць перадаць беларускім дыпляматам, зачытала стваральніца публічнай групы ў Фэйсбуку «Хватит бояться!» Тацяна Мартынава. Яна зьехала зь Беларусі, апасаючыся свайго арышту.

Каля амбасады асобна сабраліся і ўкраінскія анархісты. Яны ўсе былі ў балаклавах і трымалі вялікі чорны плякат з патрабаваньнем да Лукашэнкі сысьці. Пазьней, паводле паліцыі, адзін зь іх спрабаваў закідаць амбасаду яйкамі і яго паліцыянты жорстка затрымалі. Удзельнікі акцыі лічаць гэта правакацыяй, бо яны заклікаюць не парушаць законаў і не выказваць агрэсіі.

Асобна да амбасады прыйшлі беларускія добраахвотнікі, якія ваявалі за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны — яны таксама выступілі супраць фальсыфікацый і патрабавалі спыніць гвалт.

Беларусаў, якія пацярпелі ў часе пратэстаў, прыйшоў падтрымаць вядомы савецкі палітвязень, палітычны і грамадзкі дзяяч Сьцяпан Хмара:

«Я прыйшоў на знак салідарнасьці падтрымаць нашых беларускіх братоў і выказаць сваё абурэньне і пратэст супраць свавольля рэжыму Лукашэнка і асабліва супраць учорашняга брутальнага пагрому мірных дэманстрантаў».

Сьцяпан Хмара
Сьцяпан Хмара

Сьцяпан Хмара падтрымаў пэтыцыю, але ў амбасадзе адмовіліся яе прымаць і прапанавалі адправіць поштай.

Пазьней каля амбасады затрымалі 5 асобаў. Сярод іх маглі быць і грамадзяне Беларусі. Іх вывезлі ў аўтобусе.

Сярод затрыманых каля амбасады колішні вязень Крамля Аляксандар Кольчанка.

Як паведамілі ў паліцыі Кіева, адносна ўсіх пяці грамадзян складзеныя адміністрацыйныя пратаколы паводле фактаў дробнага хуліганства і злоснай непакоры паліцыянтам. Ім пагражае адно з трох магчымых пакараньняў — штраф да 255 грыўняў (менш як 10 даляраў), выпраўныя працы да двух месяцаў або 15 сутак арышту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG