Доступ да сайта afn.by («Агенцтва фінансавых навінаў») абмежаваны на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі Беларусі.
«Доступ да інфармацыйнага рэсурсу абмежаваны на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага ў адпаведнасьці з Законам Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі“», — такое апавяшчэньне зьявілася днём 8 жніўня пры спробе зайсьці на сайт afn.by.
Беларускае «Агенцтва фінансавых навінаў» спэцыялізуецца ў асноўным на публікацыі банкаўскай і эканамічнай інфармацыі, але шмат піша і пра палітыку.
7 жніўня Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне парталу Tut.by, а 8 жніўня вынесла «Нашай Ніве» патрабаваньне выдаліць публікацыю пра імаверны ўкід бюлетэняў.
Два папярэджаньні або патрабаваньні за год могуць стаць падставай, каб заблякаваць выданьне ў сеціве.