Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці міліцыя канфіскавала ў крамы «Князь Вітаўт» нацыянальную сымболіку і белыя бранзалеты


Абвестка на сайце крамы 8 жніўня

У берасьцейскай крамы «Князь Вітаўт», якая прадае вырабы з нацыянальнай сымболікай, супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі партыю тавараў. Кіраўніцтва крамы выклікалі на допыт, краму закрылі.

На сайце онлайн-крамы «Князь Вітаўт» зьявілася абвестка, што 8 жніўня замовы ня будуць апрацоўвацца ў сувязі з выклікам на допыт кіраўніцтва крамы.

Пазьней на старонцы ў Фэйсбуку ўладальнікі крамы паведамілі, што іх зачынілі.

«Сябры. Мы зачыненыя! Сёньня ў рамках адміністрацыйнага працэсу ў нас адбылося выманьне ўсіх бухгальтарскіх дакумэнтаў. Празь 10 хвілін пасьля сёньняшняга адкрыцьця крамы нас вымусілі спыніць працу, бо распачалася праверка падатковай інспэкцыі. Пакуль на гэтым усё», — гаворыцца ў паведамленьні.

Як паведаміў БелаПАН уладальнік крамы прадпрымальнік Алег Чапараў, яшчэ 6 жніўня ў краму прыйшлі супрацоўнікі ўпраўленьня барацьбы з эканамічнымі злачынствамі УУС Берасьцейскага аблвыканкаму і прад’явілі пастанову на агляд крамы і канфіскацыю тавараў. Патлумачылі, што гэта зьвязана з адміністрацыйнай справай па факце незаконнага транспартаваньня групы тавараў.

«Міліцыю цікавілі бел-чырвона-белыя сьцягі, сьцягі і кепкі з гербам „Пагоня“ і белыя бранзалеты. Мы рэалізуем у нашым краме такую прадукцыю і прадʼявілі на яе неабходныя дакумэнты», — расказаў Чапараў.

Паводле яго, у выніку агляду міліцыянты канфіскавалі ўсе 54 сьцягі з гербам «Пагоня», 14 бел-чырвона-белых сьцягоў, 10 кепак з «Пагоняй» і каля 200 белых бранзалетаў, якія былі ў краме. Канфіскавалі і накладныя на гэтыя тавары. Копіі пратаколу агляду зь пералікам канфіскаваных тавараў не далі. Уладальнік крамы зьвязвае канфіскацыю тавараў «з палітычным становішчам у нашай краіне».

У канцы ліпеня ўладальнік крамы атрымаў ліст зь Берасьцейскага гарвыканкаму, у якім гаворыцца, што майкі «Welcome to Belarus» з выявай аўтазака, якія прадае крама, прызналі неналежнай рэклямай. Улады запатрабавалі спыніць іх продаж, у адваротным выпадку пагражалі распачаць адміністрацыйны працэс за парушэньне заканадаўства аб рэкляме.

Менская крама па продажы тавараў з нацыянальнай сымболікай symbal.by абвясьціла аб сваім закрыцьці 29 чэрвеня з прычыны частых праверак. У той жа вечар людзі сталі ў чаргу, каб купіць прадукцыю з сымболікай. Да крамы пад’ехаў аўтазак зь сілавікамі, пачаліся затрыманьні. Некаторых затрыманых пасьля асудзілі. Праблемы ў крамы пачаліся 12 чэрвеня, калі міліцыя канфіскавала ў курʼера больш за 400 маек з надпісам «ПСІХО3%».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG