Лінкі ўнівэрсальнага доступу

YouTube выдаліў за дэзынфармацыю 78 каналаў, зьвязаных з Расеяй, і каля 2,5 тысяч — з Кітаем


Google паведаміў, што за другі квартал 2020 году ў межах кампаніі па барацьбе з дэзынфармацыяй выдаліў 78 YouTube-каналаў і тры блогі, зьвязаныя з Расеяй. Яны публікавалі відэа на расейскай і ангельскай мовах, прысьвечаныя расейскай і сырыйскай палітыцы, барацьбе з пандэміяй COVID-19 у ЗША, а таксама ЭЗ, Літве, Украіне і ЗША.

Таксама былі выдалены каля 2,5 тысяч YouTube-каналаў, зьвязаных з Кітаем. Як адзначаецца ў справаздачы, зьмест гэтых каналаў быў у асноўным непалітычным, але часам публікаваліся палітычныя відэа. Напрыклад, пра барацьбу з пандэміяй COVID-19 у ЗША ці пра масавыя пратэсты пасьля гібелі Джорджа Флойда.

Акрамя таго, было выдалена 19 YouTube-каналаў, зьвязаных з Іранам. Выдаленьне ўсіх гэтых каналаў стала часткай запушчанага Google «расьсьледаваньня ў дачыненьні да скаардынаваных апэрацый па аказаньні ўплыву», зьвязаных з Кітаем, Расеяй і Іранам. У Google адзначаюць, што частка гэтых зьвестак была атрымана ад дасьледчай кампаніі Graphika і яны падобныя да тых, якія сама кампанія апублікавала ў дасьледаваньні аб кампаніях дэзынфармацыі.

Раней YouTube выдаліў канал расейскага інтэрнэт-тэлеканалу «Царьград ТВ» без магчымасьці аднаўленьня, паведамляецца на сайце каналу. У сэрвісе гэта патлумачылі тым, што канал парушае экспартнае заканадаўства. Гаворка можа ісьці пра захаваньне санкцыйнага рэжыму. Уладальнік тэлеканалу, расейскі бізнэсовец Канстанцін Малафееў, знаходзіцца ў сьпісах міжнародных санкцый праз свой удзел у анэксіі Крыму і спансаваньне баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG