Лінкі ўнівэрсальнага доступу

64-гадовага эканаміста аштрафавалі за выбарчы пікет у Шклове


Пётар Мігурскі на месцы, дзе быў выбарчы пікет Юрася Губарэвіча, за які яго пакаралі. Скульптура называецца «Шклоўскі агурок»
Пётар Мігурскі на месцы, дзе быў выбарчы пікет Юрася Губарэвіча, за які яго пакаралі. Скульптура называецца «Шклоўскі агурок»

Шклоўскі суд пакараў 64-гадовага пэнсіянэра, кандыдата эканамічных навук, сябра руху «За свабоду» Пятра Мігурскага штрафам у 540 рублёў.

Яго прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным выбарчым пікеце каля раённага Дому культуры ў Шклове, які адбыўся яшчэ 16 чэрвеня.

У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэньні адзначана, што актывіст «пад выглядам зьбіраньня подпісаў выказаў асабістае меркаваньне аб дзейнай уладзе».

Пётар Мігурскі быў чальцом ініцыятыўнай групы вылучэнца на прэзыдэнцтва Юрася Губарэвіча.

Разглядаў справу судзьдзя Шклоўскага раённага суду Сяргей Сілівестраў.

Як вынікала з матэрыялаў справы, нагодай для адміністрацыйнага перасьледу Мігурскага стаў плякат на выбарчым пікеце «Падпішы пэтыцыю за перанос выбараў пасьля эпідэміі і без Лукашэнкі». Раённая выбарчая камісія палічыла яго не адпаведным выбарчай тэматыцы і склала акт аб парушэньні заканадаўства.

Пазьней актывіста зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

За пікетам назіраў старшыня раённага выбаркаму

Сваёй віны Мігурскі не прызнаў, а адміністрацыйную справу назваў палітычна матываванай. Прасіў суд спыніць яе праз адсутнасьць складу правапарушэньня. На ягоны погляд, суд і міліцыя не прадставілі доказаў ягонага ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і таго, што яно праводзілася з парушэньнем закону.

Пётар Мігурскі ў судзе
Пётар Мігурскі ў судзе

Мігурскі разам з тым прызнаў, што прысутнічаў на пікеце як журналіст. Ён зьвярнуў увагу суду, што кіраўніцтва выбаркаму само склала акт з парушэньнем. Юрасю Губарэвічу, які прысутнічаў на пікеце, не прапаноўвалі падпісаць яго. Але ў ім адзначана, што палітык адмовіўся падпісваць дакумэнт.

16 чэрвеня за выбарчым пікетам назіралі старшыня раённага выбаркаму Аляксей Дзядкоў і яго сакратарка Тацяна Браўн. Яны і склалі акт аб парушэньні ініцыятыўнай групай Губарэвіча выбарчага заканадаўства.

Паводле тлумачэньняў Браўн у судзе, на заўвагу аб парушэньні і на папярэджаньні, што будзе складзены акт, Губарэвіч адрэагаваў: «Можаце пісаць акт, я яго падпісваць ня буду». Калі ж акт быў падрыхтаваны, пікетоўцы ўжо сышлі, казала сакратар камісіі. Што да Мігурскага, то, па ейных словах, ягоная роля на пікеце не высьвятлялася, але ён прысутнічаў. Сьведка адзначыла, што на Мігурскім быў фотаапарат. Яна не адказала на пытаньне абвінавачанага, чаму на месца правапарушэньня ня выклікалі міліцыю.

Аляксей Дзядкоў на суд не прыйшоў, бо быў у Менску на выступленьні Лукашэнкі. У міліцыі ён настойваў, што Мігурскі ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве і што плякат быў ня выбарчай тэматыкі. Паводле яго, пікет Губарэвіча ў Александрыі, выстаўлены ў той жа дзень 16 чэрвеня, прайшоў без парушэньняў.

Пётар Мігурскі зьбіраецца абскарджваць прысуд.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG