Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

«Спроба арганізаваць бойню ў цэнтры Менску відавочная». Лукашэнка выступіў з пасланьнем за 4 дні да выбараў. Цытуем і камэнтуем

У першы дзень датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка зачытаў пасланьне да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Фармальна пасланьне не зьвязана з выбарамі — такое ладзяць штогод, але звычайна вясной. Сёлета пасланьне пераносілі двойчы: спачатку з красавіка на 3 жніўня, пасьля на яшчэ адзін дзень пазьней. Перанос першы раз зьвязалі з эпідэміяй каранавірусу (які, як пазьней заявіў Лукашэнка, ён «перанёс на нагах»), другі раз заявілі, што пераносу няма. Пасланьне адбылося не ў парлямэнцкай залі Дому ўраду, як звычайна, а ў Палацы Рэспублікі ў Менску, на яго запрасілі каля 2500 чалавек.

Падчас пасланьня Лукашэнка, сярод іншага, заявіў аб умяшальніцтве ў беларускую выбарчую кампанію з-за мяжы, расказаў пра «ПВК Вагнэра» і новы атрад «баевікоў», які прыбыў на поўдзень Беларусі: «Пакуль гарачай вайны няма, не страляюць. Яшчэ кручок не націснулі. Але спроба арганізаваць бойню ў цэнтры Менску відавочная».

Праграмы кандыдатаў у прэзыдэнты

Толькі ў дзень пасланьня дзяржаўныя газэты апублікавалі праграмы ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Аляксандар Лукашэнка абяцае падвоіць сярэдні заробак за «пяцігодку». Што абяцаюць іншыя кандыдаты, чытайце тут >>

Трансьляцыя на дзяржаўнай тэлевізіі распачалася, Лукашэнка выйшаў на сцэну. Перад пачаткам звароту грае дзяржаўны гімн

«Плянэта скочваецца ў бездань»

Сваё пасланьне да народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка пачаў з заявы, што ў жыцьці кожнай дзяржавы і ўсяго сьвету адбываюцца падзеі, якія ўплываюць на ход гісторыі.

Прызнаў, што сотні тысяч жыцьцяў па ўсім сьвеце забрала пандэмія, пачаў трашчаць па швах Эўрапейскі зьвяз. Таму сёньняшнюю сытуацыю трэба разглядаць у кантэксьце міжнародных падзеяў.

«Трасе ўсю плянэту! — адзначыў ён. Увесь сьвет апусьціўся ў хаос гандлёвых войнаў і інфармацыйнага супрацьстаяньня. Расьце напружанасьць у вайсковай сфэры, больш за траціну дзяржаваў так ці інакш уцягнутыя ва ўзброеныя канфлікты. Плянэта скочваецца ў бездань». Пандэмія стала фактычна прыкрыцьцём для бесцырымоннай рэалізацыі асноўнымі сусьветнымі гульцамі сваіх замежнапалітычных і гандлёва-эканамічных амбіцыяў, прычым мэтадамі рознымі, ня грэбуюць нічым.

2500 чалавек слухаюць Лукашэнку

Пачалося пасланьне Лукашэнкі да народу і парлямэнту. У залі прысутнічаюць чыноўнікі, дэпутаты, сілавікі. Сярод прысутных заўважаны Віктар Лукашэнка, дэпутат Ігар Марзалюк, давераная асоба Лукашэнкі на гэтых выбарах і дэпутат Алег Гайдукевіч, экс-кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» Генадзь Давыдзька.

На сцэне за Аляксандрам Лукашэнка ўсталявалі экран, дзе трансьлюецца сэнсавы відэашэраг выступу: калі Лукашэнка кажа пра ваенныя канфлікты, паказваюць вайсковую тэхніку.

Расея памяняла братэрскія адносіны на партнэрскія

Лукашэнка акцэнтаваўся на геапалітычных рэаліях. ЗША ўступілі ў працэс пастаяннай турбулентнасьці, у Кітаі выбухнуў Ганконг, заіскрыла на мяжы Індыі і Пакістану, ачагі нестабільнасьці ў Паўночнай Афрыцы. Дый на постсавецкай прасторы — Прыднястроўе, армяна-азэрбайджанскі канфлікт, а цяпер яшчэ і Ўкраіна. І на гэтым разломе апынулася Беларусь — адзінае зьвяно, якое жыве сваім розумам.

«Беларусь не сябруе з кімсьці супраць кагосьці. Мы за шматвэктарную прадказальную палітку. Расея будзе саюзьнікам, хто б ня быў ва ўладзе ў Менску і Маскве. Хоць Расея і памяняла братэрскія адносіны на партнэрскія», — сказаў Лукашэнка.

Лукашэнка штучна малюе апакаліптычную карціну сьвету. «Плянэта скочваецца ў прорву». І на гэтым тле адзіная выспа стабільнасьці — Беларусь. Нічога новага. Старая прапагандысцкая схема, якая заклікана апраўдаць усе унутраныя праблемы.

«Плянэта скочваецца ў прорву»

Першы тэзіс выступу Лукашэнкі зразумелы — паўсюль у сьвеце ўсё кепска, развал і нестабільнасьць. «Сьвет становіцца ўсё больш нестабільным і непрадказальным». Вось ужо 10 хвілін кіраўнік Беларусі распавядае пра міжнародныя працэсы, пераважна ў нэгатыўным аспэкце. «Плянэта скочваецца ў прорву».

Пра каранавірус у Беларусі

Паводле Лукашэнкі, Беларусь годна справілася з каранавірусам. «Хто не сьляпы — той бачыць», — заявіў ён. Не апошнюю ролю, на яго думку, адыграў удумлівы падыход да праблемы, захаваная сыстэма яшчэ савецкай мэдыцыны. У шпіталях не сартавалі хворых, як на фронце. На кожным этапе дзяржава прымала адэкватныя захады — гэта быў «асаблівы шлях Беларусі».

Ён раскрытыкаваў карантыны, камэнданцкі час і іншыя надуманыя захады. Мэдыкі засяродзіліся на «ачаговых успышках», і гэта дало плён. Цягам тыдня мабілізавалі сотні прадпрыемстваў, якія пераарыентаваліся на выпуск індывідуальных сродкаў засьцярогі. Пахваліў вэртыкаль улады, але пра валянтэраў, якія зьбіралі грошы і абсталяваньне, згадаў толькі ўскосна.

Лукашэнка спрабуе апраўдацца

Лукашэнка раней прызнаваў, што ягоная палітыка адносна пандэміі была нэгатыўна ўспрынятая ў беларускім грамадзтве. «Многія людзі былі незадаволеныя», кажа ён. Таму цяпер спрабуе апраўдацца. Але, падаецца, вярнуць давер мала рэальна.

Лукашэнка заявіў, што «Беларусь прыняла 150 тысяч уцекачоў з Украіны». Ці гэта праўда

У сваім пасланьні да народу і парлямэнту Аляксандар Лукашэнка зноў назваў лічбу ў 150 тысяч уцекачоў з Украіны, якія прыехалі ў Беларусь. Адкуль гэта лічба.

Пра 150 тысяч уцекачоў афіцыйныя ўлады Беларусі гавораць яшчэ з 2017 году. Паводле ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў (UNHCR), 150 тысяч — сумарная колькасьць тых, хто прасіў часовы від на жыхарства (на 3 месяцы, на 12 месяцаў) і пастаянны ў Беларусі.

Сярод 150 тысяч украінцаў былі і тыя, хто прасіў дазвол на працу ці навучаньне проста таму, што хацеў працаваць ці вучыцца ў Беларусі (а не таму, што вайна), і тыя, хто прыяжджаў да родзічаў. Колькасьць тых, хто прыяжджаў у Беларусь з Украіны менавіта з прычыны вайны, невядомая. Як няма і зьвестак пра колькасьць людзей, якія перасеклі беларуска-расейскую мяжу.

Такія лічбы называліся, каб было на што арыентавацца, праз адсутнасьць лепшых зьвестак. UNHCR ня мае ад беларускай дзяржавы інфармацыі нават пра тое, колькі з тых 150 тысяч прыехалі з Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, а колькі зь іншых, хоць украінцы пазначаюць папярэдняе месца пражываньня, калі просяць від на жыхарства ў Беларусі.

На перамены не гатовы

Лукашэнка ўпарта хваліць тыя аспэкты сваёй палітыкі, якія выклікаюць якраз нэгатыўную рэакцыю грамадзтва. Ён нічога не зразумеў, нічому не навучыўся. І ні на якія перамены не гатовы.

Расеі не назваў

«Эканамічная залежнасьць ад адной-дзьвюх краінаў ставіць нас ва ўразьлівае становішча», — заявіў Лукашэнка і сказаў, што гэта трэба мяняць.

Паказальна, што Лукашэнка не назваў гэтай краіны. Відавочна, што гэта Расея, таваразварот зь якой складае амаль палову ўсяго беларускага імпарту і экспарту.

Зварот Лукашэнкі пра пандэмію. У адным фота

Ніводзін чалавек у залі Палацу Рэспублікі не надзеў маску.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

XS
SM
MD
LG