Алег Аўруцін больш не кіруе «Менскводаканалам». Выканаўцам абавязкаў дырэктара «Менскводаканалу» прызначаны галоўны інжынэр прадпрыемства Андрэй Бычкоў, паведамляецца на сайце арганізацыі.
У Менскім гарвыканкаме пацьвердзілі, што Аўруцін 30 ліпеня вызвалены ад ранейшай пасады.
Tut.by паведамляе, што Алега Аўруціна звольнілі на ініцыятыву наймальніка. У канцы чэрвеня ў вадаправоды дамоў шэрагу раёнаў Менска трапіла «сьмярдзючая вада», ліквідацыя наступстваў заняла некалькі дзён.
Па словах суразмоўцаў парталу, знаёмых з галіной, звальненьне выглядае хутчэй як гісторыя пра «казла адпушчэньня» — Аўруціна характарызуюць як дбайнага, сучаснага кіраўніка. Тым ня меней не адмаўляюць, што ў сытуацыі з вадой меў месца і недагляд кіраўніка.
Днямі чарговая аварыя здарылася ў менскім мікрараёне Сухарава: з кранаў зноў пацякла ржавая вада, спатрэбіўся тэрміновы падвоз чыстай вады цыстэрнамі.
Выканаўцам абавязкаў дырэктара «Менскводаканалу» прызначалі галоўнага інжынэра прадпрыемства Андрэя Бычкова. Пры гэтым Алег Аўруцін застаецца дэпутатам Менгарсавету.