Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць прэзыдэнта FIFA завялі крымінальную справу

Прэзыдэнт FIFA Джані Інфантына
Прэзыдэнт FIFA Джані Інфантына

Пракуратура Швайцарыі пачала крымінальную справу ў дачыненьні да прэзыдэнта FIFA Джані Інфантына. Пра гэта гаворыцца на сайце ўраду краіны.

Джані Інфантына падазраюць у злоўжываньні ўладай, выдаваньні дзяржаўнай тайны, перашкодзе крымінальнаму расьсьледаваньню.

У рамках справы таксама праходзіць былы фэдэральны пракурор Міхаэль Лаўбэр. Ён падаў у адстаўку на мінулым тыдні ў сувязі з фактамі карупцыі ў FIFA. Паводоле зьвестак сьледзтва, падчас расьсьледаваньня Лаўбэр сустракаўся з Інфантына, але ўтаіў гэта, чым парушыў свае службовыя абавязкі.

Яшчэ адзін фігурант справы — Рынальда Арнольд, пракурор швайцарскага кантону Вале, які таксама прысутнічаў пры сустрэчы.

Карупцыйны скандал у ФІФА разгарэўся ў 2015 годзе і прывёў да адстаўкі прэзыдэнта фэдэрацыі Ёзэфа Блатэра, генэральнага сакратара арганізацыі Жэрома Вальке і прэзыдэнта UEFA Мішэля Пляціні.

У ліпені 2018 году Аляксандар Лукашэнка прыехаў у Маскву глядзець фінал чэмпіянату сьвету ў футболе, дзе ў кулюарах пагутарыў з Джані Інфантына пра стан футболу ў краіне. Раней Лукашэнка заяўляў, што ён «прафэсійна футбаліст», але траўмы прымусілі засяродзіцца на хакеі.

XS
SM
MD
LG