Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы прэзыдэнт Украіны ўзначаліў дэлегацыю на менскіх перамовах


Леанід Краўчук

Першы прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук узначаліў украінскую дэлегацыю ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляваньні канфлікту на Данбасе.

Пра гэта ў чацьвер паведаміў сам Краўчук, інфармацыю пацьвердзіў Офіс прэзыдэнта Ўкраіны, распаўсюдзіўшы відэазварот першага прэзыдэнта.

Краўчук сказаў, што калі ён можа нешта зрабіць для таго, каб паскорыць дасягненьне міру на Данбасе, ён гатовы гэта рабіць «да апошняга дыханьня».

Краўчук зьмяніў на чале ўкраінскай дэлегацыі свайго пераемніка на пасадзе прэзыдэнта — другога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучму.

Леаніду Краўчуку 86 гадоў, ён узначаліў Украіну ў 1990 годзе яшчэ як рэспубліку ў складзе СССР (быў старшынём Вярхоўнай Рады), а ў сьнежні 1991 году быў абраны першым прэзыдэнтам Украіны — у той жа дзень, калі быў праведзены рэфэрэндум, які пацьвердзіў яе незалежнасьць. Ад імя Ўкраіны Краўчук падпісаў Белавескія пагадненьні аб роспуску СССР. Быў прэзыдэнтам да 1994 году, калі прайграў выбары Леаніду Кучму.

У склад трохбаковай групы ўваходзяць прадстаўнікі Расеі, Украіны і АБСЭ, у перамовах часам бяруць удзел і прадстаўнікі падтрыманых Расеяй сэпаратыстаў Данбасу, хоць афіцыйна яны ня маюць статусу ўдзельнікаў групы.

У ноч з 26 на 27 ліпеня ў Данбасе ўступіла ў сілу чарговае замірэньне. Узброеныя сілы Ўкраіны і прарасейскія сэпаратысты з самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» заявілі пра гатоўнасьць да поўнага спыненьня агню. Абодва бакі, аднак, заяўляюць пра парушэньні замірэньня іншым бокам.

Менскія пагадненьні аб урэгуляваньні канфлікту заключаныя ў 2015 годзе, аднак большасьць іх пунктаў да гэтага часу ня выкананая. У сьнежні мінулага году на першай пасьля доўгага перапынку сустрэчы ў «нармандзкім фармаце» з удзелам лідэраў Расеі, Украіны, Францыі і Нямеччыны было абвешчана аб шэрагу крокаў па падрыхтоўцы да выкананьня Менскіх пагадненьняў. Аднак з усіх пералічаных мер адбыўся толькі абмен зьняволенымі і затрыманымі, але не ў фармаце «ўсіх на ўсіх».

Збройны канфлікт на ўсходзе Ўкраіны працягваецца з 2014 году. Пад кантролем сэпаратыстаў апынуліся часткі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны з абласнымі цэнтрамі. Украіна і краіны Захаду адзначаюць прамую падтрымку сэпаратыстаў, у тым ліку вайсковую, з боку Расеі. У Маскве гэта адмаўляюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG