Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША выведуць зь Нямеччыны амаль 12 тысяч вайскоўцаў. Частка застанецца ў Эўропе


Марк Эспэр

Злучаныя Штаты ў бліжэйшыя тыдні пачнуць перадысьлякацыю сваіх вайскоўцаў у Эўропе, выводзячы зь Нямеччыны каля 11 900 амэрыканскіх вайскоўцаў. Пра гэта 29 ліпеня паведаміў Пэнтагон.

Вашынгтон абвяшчаў пра вывад часткі кантынгенту ЗША зь Нямеччыны раней — на гэтым настойваў прэзыдэнт Дональд Трамп. Цяпер міністар абароны ЗША Марк Эспэр расказаў пра некаторыя дэталі.

Паводле слоў Эспэра, каля 6400 вайскоўцаў адправяцца зь Нямеччыны на радзіму, а 5400 перамесьцяцца ў іншыя краіны Эўропы — галоўным чынам на паўднёвы ўсход, у Чарнаморскі рэгіён. У выпадку дасягненьня пагадненьняў з Польшчай і краінамі Балтыі частка зь іх можа адправіцца і ў гэтыя краіны. Эспэр падкрэсьліў, што адна з мэтаў гэтай перадысьлякацыі — узмацніць «стрымліваньне Расеі» ў рэгіёне.

Амэрыканскія вайскоўцы таксама заявілі, што штаб-кватэра сіл ЗША ў Эўропе можа перамясьціцца зь Нямеччыны ў Бэльгію, дзе штаб-кватэра NATO.

У Нямеччыне цяпер каля 34 500 амэрыканскіх вайскоўцаў. Шэраг апанэнтаў Трампа крытыкавалі рашэньне вывесьці частку войскаў зь Нямеччыны, неспакой выказвалі і некаторыя эўрапейскія краіны NATO.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG