Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Кучма пакінуў Трохбаковую кантактную групу. Прычынаў не сказаў


Леанід Кучма

У канцылярыі прэзыдэнта Ўкраіны паведамілі, што другі прэзыдэнт Леанід Кучма вырашыў спыніць сваю дзейнасьць у рамках Трохбаковай кантактнай групы для ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе.

«Уладзімір Зяленскі ўдзячны другому прэзыдэнту Ўкраіны Леаніду Кучму за працу ў кіраўніцтве ўкраінскай дэлегацыі Трохбаковай кантактнай групы (ТГК). Кіраўнік дзяржавы падкрэсьліў, што праца Леаніда Кучмы ў менскім працэсе была надзвычай важнай і ў той жа час няпростай, і адзначыў, што ён паважае яго рашэньне аб спыненьні ўдзелу ў ТГК», — гаворыцца ў паведамленьні прэзыдэнцкага офісу.

Падчас сустрэчы зь Леанідам Кучмам 28 ліпеня Ўладзімір Зяленскі падзякаваў яму за досьвед і намаганьні. «Я заўсёды гатовы пачуць вашу параду ў будучыні», — сказаў ён.

Леанід Кучма таксама адзначыў, што, калі ўзьнікне неабходнасьць, ён гатовы падзяліцца сваім досьведам і даць парады.

3 чэрвеня 2019 году Леанід Кучма другі раз стаў кіраўніком украінскай дэлегацыі Трохбаковай кантактнай групы для мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе. Да гэтага Кучма прадстаўляў Украіну ў групе ў 2014–2018 гадах.

Трохбаковая кантактная група — упаўнаважаная група прадстаўнікоў Украіны, АБСЭ і Расеі для мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Паводле ААН, ад сакавіка 2014 году па 31 кастрычніка 2019 году ў выніку ўзброенага канфлікту на Данбасе загінулі ад 13 000 да 13 200 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG