Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-сакратарка Кучмы распавяла аб выніках пасяджэньня Трохбаковай кантактнай групы ў Менску


Былы прэзыдэнт і прадстаўнік Украіны на перамовах Леанід Кучма

У Менску Трохбаковая кантактная група па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе атрымала інфармацыю аб пачатку разьвядзеньня сіл каля мястэчка Залатое ў Луганскай вобласьці — паведаміла ў Facebook Дарка Аліфэр, прэс-сакратарка Леаніда Кучмы, прадстаўніка Ўкраіны на перамовах.

«Сёньня Трохбаковая кантактная група атрымала інфармацыю аб пачатку разьвядзеньня сіл і сродкаў на ўчастку ў раёне населенага пункта Залатое. У адпаведнасьці з Рамачным рашэньням ТКГ ад 2016 года, наступным крокам павінна стаць разьвядзеньне сіл і сродкаў на ўчастку ў раёне населенага пункта Пятроўскае (Данецкай вобласьці) — пры ўмове сямідзённага захаваньня рэжыму цішыні», — напісала Аліфэр.

Яна таксама распавяла, што ў гуманітарнай падгрупе ТКГ праца сканцэнтравана на вызваленьні ўтрыманых асобаў, а ў падгрупе па сацыяльна-эканамічных пытаньнях абмяркоўвалі стабільнае водазабесьпячэньне жыхароў Данбаса.

На думку Кучмы, праца Трохбаковай кантактнай групы адкрыла шлях да сустрэчы лідэраў краін «нармандзкай чацьвёркі» — Украіны, Расеі, Францыі і Нямеччыны.

Міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка заявіў, што ўжо ёсьць папярэдняя дата саміту лідэраў «нармандзкага фармату», аднак пакуль ён ня можа назваць яе.

29 кастрычніка штаб украінскай вайсковай апэрацыі аб’яднаных сіл паведаміў, што ў 12:00 пачаўся працэс разьвядзеньня вайсковых сіл у раёне Залатога-4 у Луганскай вобласьці.

1 кастрычніка Менску ўдзельнікі Трохбаковай кантактнай групы па мірнаму ўрэгуляваньню сытуацыі на ўсходзе Украіны дамовіліся аб пачатку разьвядзеньня сіл у Пятроўскага (Данецкая вобласьць) і Залатога-4 (Луганская вобласьць) з 7 кастрычніка.

Як паведаміў міністар замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка, гэтыя разьвядзеньні былі вымушаныя адкласьці з прычыны парушэньня расейскімі гібрыднымі сіламі рэжыму спыненьня агню ў гэтых мясцовасьцях. У прыватнасьці, раніцай 7 кастрычніка баевікі на працягу 20 хвілін вялі абстрэл у раёне ўчастка ў Залатога, дзе заплянавана разьвядзеньне сіл.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG