Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чуднаве ва Ўкраіне паставяць помнік Баршчэўскаму, бюст ужо гатовы. ФОТА


Бронзавы бюст Яна Баршчэўскага

Улады горада Чуднава Жытомірскай вобласьці завяршаюць падрыхтоўчыя работы для ўшанаваньня памяці аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага, які жыў і памёр у гэтым горадзе.

Некалькі дзён таму прэзыдэнт фонду Марыі Магдалены Радзівіл Аляксандар Сапега перадаў у Чуднаў апошнія два элемэнты помніка Яну Баршчэўскаму — бронзавы бюст і інфармацыйную таблічку да помніка.

Улады Чуднава разьлічвалі, што ўшанаваньне Яна Баршчэўскага стане супольным беларуска-польска-ўкраінскім праектам. Але гэтага не адбылося. Цяпер ён падзелены на дзьве часткі: украінска-польскую і беларуска-ўкраінскую.

Помнік. Беларуска-ўкраінская частка праекту

Фонд Марыі Магдалены Радзівіл узначальвае Аляксандар Сапега.

Да помніка Яну Баршчэўскаму ў Чуднаве ён пасьпяхова ажыцьцявіў некалькі іншых рэзанансных культурных праектаў — эксгумацыю ў Казахстане парэшткаў пісьменьніка Зьмітрака Бядулі і перапахаваньне іх у Беларусі, усталяваньне памятнага знаку Марыі Магдалены Радзівіл у Фрыбуры (Швэйцарыя) і помніка Тадэвушу Касьцюшку ў Швайцарыі.

Аляксандар Сапега кажа, што адразу пасьля пашырэньні ў СМІ інфармацыі пра знойдзенае летась у Чуднаве надмагільле Яну Баршчэўскаму ўключыўся ў працэс. Нават хацеў забраць на захаваньне гэтую пліту, але яго апярэдзіла польская суполка Жытомірскай вобласьці, якая выкупіла знаходку за 500 грыўняў у гаспадароў падвор'я — па цане на другасную сыравіну.

Аляксандар Сапега і былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч перад паездкай у Чуднаў
Аляксандар Сапега і былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч перад паездкай у Чуднаў

Гэта яго не спыніла — Аляксандар Сапега ініцыяваў устаноўку помніка Яну Баршчэўскаму ў Чуднаве і прапанаваў зрабіць яго супольным беларуска-ўкраінска-польскім праектам, што падтрымалі і чуднаўскія ўлады. Першапачаткова нават меркавалася, што надмагільле стане адным з элемэнтаў помніка.

Галоўныя супярэчнасьці пачаліся пры ўзгадненьні надпісу на інфармацыйнай таблічцы да помніка і фінансаваньня вытворчасьці помніка. Урэшце польскі бок — на ўзроўні польскай суполкі Жытомірскай вобласьці і консульства Польшчы ў Віньніцы — адмовіўся ад удзелу ў падрыхтоўцы помніка.

«Гэта іхнае права. І цяпер мы можам гаварыць, што гэта цалкам беларуска-ўкраінскі праект, без удзелу палякаў», — кажа Аляксандар Сапега.

Паводле яго, агульная вартасьць помніка складае больш як 6 тысяч эўра. Выдаткі парытэтна падзялілі між сабой Фонд Марыі Магдалены Радзівіл і ганаровы консул Беларусі ў Швайцарыі Андрэй Нажэскін. Фонд, як кажа Аляксандар Сапега, дзейнічае па ўсім сьвеце, дзе ёсьць беларускія інтарэсы, а зарэгістраваны ён у Швайцарыі.

«Улады Чуднава, безумоўна, хочуць, каб усё было арганізавана па-сяброўску, прайшло ў добрым кантэксьце і на пазытыве. Але тая канцэпцыя, якую яны раней зацьвердзілі, цяпер не адпавядае, таму што надмагільнай пліты там пакуль няма. Ёсьць вялікія спадзяваньні, што палякі паставяць гэтую пліту побач з помнікам. З другога боку, для мяне паўстае пытаньне, а на якой падставе штосьці яшчэ будзе дададзена да нашага, беларускага, помніка», — кажа Аляксандар Сапега.

Усталяваньне надмагільля — украінска-польскі праект

Загадчыца аддзелу культуры Чуднаўскай гарадзкой рады Сьвятлана Захарчанка сказала Свабодзе, што беларускі бок выканаў усе свае абавязаньні:

Бюст Яну Баршчэўскаму зрабіў харкаўскі скульптар Уладзімір Райчанка
Бюст Яну Баршчэўскаму зрабіў харкаўскі скульптар Уладзімір Райчанка

«Мы ўжо маем усе складовыя часткі помніку — і бюст, і калёну, і таблічку. Гэта тое, што абавязаўся зрабіць беларускі бок, і ўжо дастаўлена ўсё. Польскі бок у асобе грамадзкай арганізацыі «Суполка палякаў Жытоміршчыны» адрэстаўраваў надмагільле і чакае, калі на месцы будзе ўжо ўсё, каб сфатаграфаваць усе элемэнты і была магчымасьць выбраць колер пакрыцьця для пліты. Цяпер яны мусяць завершыць сваю справу».

Улада гораду ўзяла на сябе абавязаньні забясьпечыць і падрыхтаваць месца, дзе будзе пастаўлены помнік.

«Адкрыцьцё помніка заплянавалі на 12 верасьня», — дадала Сьвятлана Захарчанка.

«Калі казаць увогуле пра гэты праект, які рэалізуе Чуднаўская гарадзкая рада, для ўсталяваньня помніка Яну Баршчэскаму — беларуска-польска-ўкраінскаму пісьменьніку (так будзе напісана на таблічцы і менавіта такі тэкст узгаднілі на радзе ў дэпартамэнце культуры), то ён будзе рэалізаваны двума шляхамі. Першы — супольны беларуска-ўкраінскі праект, і другі — супольны польска-ўкраінскі праект».

Сьвятлана Захарчанка пацьвердзіла, што афіцыйны польскі бок адмовіўся ад удзелу ва ўзьвядзеньні помніка:

«Таму мы вымушаныя былі падзяліць гэты праект. Але польскі бок узяў на сябе абавязаньні адрэстаўраваць і вярнуць гораду надмагільную пліту. Тут мы пакуль што ня маем ніякіх адмоў».

Прадстаўніца чуднаўскай улады дадала, што надмагільле плянуецца разьмясьціць побач з помнікам, зробленым на замову фондам Марыі Магдалены Радзівіл.

Чаму польская дыяспара супраць

Свабода спрабавала высьветліць пазыцыю жытомірскай польскай дыяспары, але яе кіраўніца Вікторыя Ляскоўская-Шчур не адказвае на тэлефанаваньні. Раней яна падкрэсьлівала, што надмагільле, знойдзенае на падвор'і ў Чуднаве, зьяўляецца ўласнасьцю польскай дыяспары.

Як стала вядома Свабодзе зь іншых крыніц, якія бралі ўдзел у перамовах, Вікторыя Ляскоўская-Шчур адмовілася ад удзелу польскай дыяспары ў фінансаваньні выдаткаў на вытворчасьць помніка, настойваючы на тым, што іхная частка ўдзелу — рэстаўрацыя і бескаштоўная перадача гораду надмагільля.

А ўжо на этапе ўзгадненьня надпісу на інфармацыйнай таблічцы да помніка кіраўніца польскай дыяспары Жытоміршчыны настойвала на польскім паходжаньні Яна Баршчэўскага і выказвалася супраць згадваньня на таблічцы найбольш вядомага твора пісьменьніка «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях».

Надпіс на інфармацыйнай таблічцы да помніка выкананы на трох мовах: украінскай, беларускай і польскай
Надпіс на інфармацыйнай таблічцы да помніка выкананы на трох мовах: украінскай, беларускай і польскай

Празь некалькі гадзінаў пасьля публікацыі Вікторыя Ляскоўская-Шчур зьвязалася з карэспандэнтам Свабоды і паведаміла: «Я ня супраць. Але хачу, каб усё было ўзгоднена. Я — супраць канфліктаў».

Паводле яе, усталяваньне помніка і інфармацыйнай таблічкі мусіць яшчэ ўзгадніць камісія Жытомірскай абласной адміністрацыі: «Згодна з украінскім заканадаўствам, ухваленым у 2018 годзе, усе міжнародныя помнікі і таблічкі мусіць узгадніць адпаведная камісія абласной адміністрацыі. Цяперашні варыянт помніка і зьмест таблічкі яна не зацьвярджала».

Вікторыя Ляскоўская-Шчур таксама патлумачыла, чаму не пагаджаецца з указаньнем на інфармацыйнай таблічцы назвы найбольш вядомага твору Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях».

«Ян Баршчэўскі ёсьць часткай беларускай, польскай і ўкраінскай дзяржавы. Ён тут пахаваны, ён тут жыў і пісаў творы таксама і пра чуднаўскую зямлю. Ён не пісьменьнік аднаго твору! На помніках Шаўчэнку і Лесі Ўкраінкі ня пішуць назваў іхных твораў. Зараз ёсьць тэхналягічныя магчымасьці, каб людзі, пабачыўшы помнік, маглі сканаваць QR-код і празь яго атрымаць поўную інфармацыю пра асобу пісьменьніка і ягоныя творы», — патлумачыла яна.

Паводле яе, нацыянальная прыналежнасьць пісьменьніцкага таленту Яна Баршчэўскага мусіць быць пазначана ў алфавітным парадку — беларуска-польска-ўкраніскі пісьменьнік. Вікторыя Ляскоўская-Шчур таксама дадала, што прапанову далучыцца да фінансаваньня помніка яна атрымала ўжо пасьля таго, як ён быў зроблены: «Так ня робіцца. Усе гэтыя аспэкты абмяркоўваюцца перад тым, як выбіраецца эскіз і замаўляецца выкананьне гэтага помніка».

Што папярэднічала

Летась у красавіку ў Чуднаве на падворку мясцовага жыхара Анатоля Прыходчанкі знайшлі надмагільную пліту Яна Баршчэўскага. Спачатку яе перадалі на захаваньне ў мясцовы рымска-каталіцкі касьцёл Адшуканьня Крыжа Гасподняга, а потым перавезьлі ў Жытомір і перадалі абласному аддзяленьню Саюзу палякаў Украіны.

У дзяржаўным архіве Жытомірскай вобласьці знаходзіцца мэтрычны дакумэнт аб сьмерці Яна Баршчэўскага. Да таго дакладныя даты жыцьця пісьменьніка былі невядомыя. Знойдзены дакумэнт дапаможа ўнесьці яснасьць.

Хто такі Ян Баршчэўскі

Ян Баршчэўскі — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, нарадзіўся ў Полацкім павеце.

Паступіў у Полацкую езуіцкую акадэмію. Менавіта там ён набыў вядомасьць як чытальнік і аўтар вершаў. У 1809 годзе напісаў паэму «Пояс Вэнэры», якая не захавалася.

Студэнцкія вакацыі часьцей за ўсё праводзіў, падарожнічаючы навакольлямі возера Нешчарда. Зьбіраў беларускі фальклёр, апісваў курганы і гарадзішчы.

Пісаў па-польску і па-беларуску. Самыя вядомыя яго вершы, напісаныя па-беларуску, — «Дзеванька» (прысьвечаны каханай дзяўчыне з прозьвішчам Максімовіч) і «Бунт хлопаў».

У 1820-х пераехаў у Пецярбург, дзе выкладаў грэцкую і лацінскую мовы, вывучаў старажытную літаратуру. Там жа пазнаёміўся з Адамам Міцкевічам і Тарасам Шаўчэнкам. Разам зь іншымі літаратарамі выдаваў штогадовы альманах «Niezabudka» на польскай мове.

Ягоны найбольш вядомы твор — «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях» — напісаны па-польску.

Да 1850 году пераехаў жыць у Чуднаў. Апошнія гады жыцьця правёў у доме графіні Юліі Жавускай. Там жа ў той час жыў мастак Напалеон Орда. Памёр Баршчэўскі ад сухотаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG