Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэксуальны гвалт у Расеі вырас падчас карантыну больш чым на траціну


Ілюстрацыйнае фота

Колькасьць згвалтаваньняў у Расеі і замахаў на іх за час рэжымаў «павышанай гатоўнасьці» і «непрацоўных дзён», уведзеных у сувязі з пандэміяй каранавірусу, вырасла больш чым на траціну, паведамляюць расейскія «Адкрытыя мэдыя» са спасылкай на справаздачу МУС аб стане злачыннасьці.

З сакавіка па травень сёлета афіцыйна зарэгістраваных злачынстваў, зьвязаных з сэксуальным гвалтам, было болей амаль на 36%, чым у гэты ж пэрыяд годам раней.

Адзначаецца, што ў лютым, да пандэміі каранавірусу, і ў чэрвені, пасьля зьняцьця абмежавальных захадаў, колькасьць такіх злачынстваў аказалася ніжэйшай, чым у тыя ж месяцы 2019 году.

У красавіку дзевяць расейскіх грамадзкіх арганізацый, якія дапамагаюць ахвярам сямейна-бытавога гвалту, зьвярнуліся да прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусьціна і кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў з просьбай прыняць тэрміновыя меры для абароны пацярпелых. Аўтары звароту сьцьвярджалі, што ў сувязі з карантынам ва ўсім сьвеце рэгіструецца рост колькасьці скаргаў на хатні гвалт. Ніякіх відавочных захадаў прынята не было.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG