Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова брытанцаў лічаць, што Расея ўмешвалася ў Brexit і ў выбары


Плякат з выявай Пуціна на дэманстрацыі Brexit, Лёндан, 21 ліпеня 2020

Амаль палова жыхароў Вялікай Брытаніі лічаць, што Крэмль у 2016 годзе ўмяшаўся ў рэфэрэндум па выхадзе краіны з Эўразьвязу, а таксама ў выбары ў Эўрапейскі парлямэнт летась.

Пра гэта паведамляе The Guardian са спасылкай на апытаньне, праведзенае брытанскай кампаніяй Opinium.

Пра тое, што Расея ўмяшалася ў рэфэрэндум па Brexit, заявілі 49% апытаных. З тым, што мела месца ўмяшаньне ў выбары ў Эўрапарлямэнт, пагадзіліся 47% рэспандэнтаў. Колькасьць тых, хто так ня лічыць, у два разы менш. Адзначаецца, што большасьць з тых, хто верыць у расейскі ўплыў на выбарчы працэс, — гэта выбаршчыкі лейбарыстаў.

Раней аб умяшаньні Расеі ў парлямэнцкія выбары 2019 году заяўляў кіраўнік МЗС Вялікай Брытаніі Дамінік Рааб.

У сваю чаргу камітэт па бясьпецы і выведцы брытанскага парлямэнту апублікаваў даклад аб узьдзеяньні Крамля на брытанскую палітыку. Паводле высноваў камітэту, Расея спрабавала аказаць уплыў на вынікі рэфэрэндуму аб незалежнасьці Шатляндыі ад Злучанага Каралеўства ў 2014 годзе. Пры гэтым у дакладзе адзначаецца, што прамых доказаў умяшаньня Расеі ў рэфэрэндум па Brexit знойдзена не было.

У дакладзе таксама зьмяшчаюцца парады праводзіць больш жорсткую лінію ў дачыненьні да Крамля.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG