Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмік бяз званьня і кайстра з сальтысонам


Зьміцер Саўка
Зьміцер Саўка

Сёньня споўнілася б 55 гадоў мовазнаўцу Зьмітру Саўку.

Дзед Зьмітра па бацьку, або, як казалі продкі, — па мячы — паходзіў зь сям’і беларуса-плытагона, а бабуля была дачкою рабіна. Мне ўяўляецца, што і ў Саўкавым абліччы, і ў ягоным характары зьнітаваліся гены абедзьвюх гэтых радаводных галінаў. Ён умеў пераконваць у сваёй праўдзе, гатовы быў прачытаць бліскучую лінгвістычную лекцыю-казань, але разам з тым мог бы ганяць плыты, бо быў дужы, цягавіты і заложны ў працы. Любоў жа да беларускай мовы, а можа, і змагарскі дух ён успадчыў ад бабулі па кудзелі родам з тых самых мясьцінаў, дзе прыйшоў на сьвет Тадэвуш Касьцюшка.

У 1982 годзе Зьміцер з аднаклясьнікам і суседам па парце, цяпер слынным мастаком і літаратарам Артурам Кліновым, дачуліся: у Заслаўі беларускія нацыяналісты будуць гукаць вясну. «Дык мы ж таксама нацыяналісты!» — зрабілі ўсьцешлівае адкрыцьцё хлопцы і купілі квіткі на электрычку. Так і далучыліся да апавітай цяпер паданьнямі Беларускай сьпеўна-драматычнай майстроўні. Пазьней, у праграме Радыё Свабода «Вострая Брама»,Саўка згадваў: «Праз Майстроўню я пачаў бачыць, што ўся Беларусь абуджаецца. Я зразумеў, што мы — сіла, мы — заўтрашні дзень краіны».

Падзеі апошніх тыдняў, калі Беларусь сапраўды зноў абудзілася і прагне пераменаў, надаюць гэтым прамоўленым некалькі дзесяцігодзьдзяў таму словам новую сучасную падсьветку. Не сумняюся: так сёньня думаюць тысячы і тысячы найперш маладых беларусаў. Упэўнены, што мог бы сустрэць Зьмітра і ў чэргах па збору подпісаў за кандыдатаў у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, і ў ланцугах салідарнасьці, і ў чэрвеньскіх чэргах у краму Symbal.by, зь якіх АМАП «ласкава», паводле словаў міністра ўнутраных справаў, выштурхоўваў людзей у аўтазакі.

Студэнтам філялягічнага факультэту БДУ Зьміцер пратэставаў з майстроўцамі супроць руйнаваньня будынку старога менскага тэатру і ўпершыню трапіў у міліцэйскі пастарунак. Потым — праз удзел у пашырэньні самвыдавецкай кнігі Алега Бембеля «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» — Саўка мусіў пазнаёміцца зь літаратуразнаўцамі з аднаго ўсім вядомага ведамства на галоўным сталічным праспэкце. Як некалі і я (зноў жа за самвыдавецкія справы), ён атрымаў «траяк» на экзамэне па навуковым камунізьме і пазбыўся зусім блізкага чырвонага дыплёму.

Пра гэтае супадзеньне ў жыцьцяпісах мы ўсьцешана даведаліся перад Калядамі 1988 году, калі Саўка (меў нюх!) заявіўся на гасьціны ў маю наваполацкую кватэру акурат тады, як я вярнуўся з паездкі да жончыных бацькоў-вяскоўцаўзь вялізнай кайстраю, наладаванай сьвежыной ды сальтысонамі.

Зьміцер Саўка, 2013 год
Зьміцер Саўка, 2013 год

Зьміцер Саўка знайшоў пакліканьне ў філялёгіі, стаўшы ў гэтай сфэры, часам казалі, «акадэмікам бяз званьня». Дзе б ён ні працаваў — выкладчыкам у лінгвістычным унівэрсытэце, стыль-рэдактарам на Радыё Рацыя, на тэлеканале «Белсат» (там з 2006-га кіраваў моўнаю службай) — паўсюль здольны быў разьвязаць любое найскладанейшае пытаньне, ствараў моўны канон.

Ён мог плённа рабіць сваю справу ў камандзе, сьведчаньнем чаго сталіся кнігі «Беларускія слоўнікі й энцыкляпэдыі. Бібліяграфія» (у суаўтарстве з дырэктарам Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-ЁркуВітаўтам Кіпелем) і «Беларускі клясычны правапіс» (зь Юрасём Бушляковым, Вінцуком Вячоркам і Зьмітром Санько). Праз тры гады пасьля сыходу Саўкі выйшла ягоная 600-старонкавая кніга «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы» — вынік шматмесяцавай працы ў ЗША. У яго спадчыне і сэрвіс праверкі правапісу «Добрапіс».

Калі мы разьвітваліся з нашым «акадэмікам», праваабаронца Алесь Бяляцкі сказаў: «На такіх, як Зьміцер, трымалася беларуская ідэя апошнія трыццаць гадоў. Удзел у беларускім аркестры заўсёды быў яму ў задавальненьне, там ён граў джаз».

Дакладна — джаз!

Цяпер ён вядзе сваю адметную партыю ў вялікім аркестры новага выданьня маёй кнігі «Імёны Свабоды».

Замовіць новае выданьне кнігі «Імёны Свабоды» з аповедамі пра 365+1 героя аўтарскага пантэону можна ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG