Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмія навук рыхтуе кандыдатаў на першага касманаўта сувэрэннай Беларусі 


Наземны комплекс кіраваньня спадарожнікам "Белінтэрсат-1" у Дзяржынскім раёне
Наземны комплекс кіраваньня спадарожнікам "Белінтэрсат-1" у Дзяржынскім раёне

Беларусь робіць крокі для падрыхтоўкі свайго касманаўта, паведаміў старшыня прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімер Гусакоў.

«Абавязкова трэба пашыраць прысутнасьць краіны ў космасе. Можа здацца вельмі амбітным плян падрыхтоўкі і палёту ў космас першага касманаўта сувэрэннай Беларусі. Аднак першыя крокі ў гэтым пытаньні ўжо робяцца», — цытуе чыноўніка БелТА.

Кіраўнік Акадэміі навук Уладзімер Гусакоў і генэральны дырэктар дзяржкарпарацыі «Роскосмос» Дзьмітрый Рагозін сёлета ў студзені дасягнулі дамоўленасьці пра наведваньне беларускімі спэцыялістамі Навукова-дасьледчага выпрабавальнага цэнтру падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. Гэта адбудзецца пасьля зьняцьця абмежаваньняў, зьвязаных з распаўсюдам каранавірусу.

«Гэтыя прадстаўнікі НАН пасьля могуць разглядацца як патэнцыйныя беларускія кандыдаты для праходжаньня падрыхтоўкі ў якасьці ўдзельнікаў касьмічных палётаў. Абмяркоўваецца магчымасьць іх абсьледаваньня на прадмет прыдатнасьці паводле мэдычных, фізычных і іншых патрабаваньняў да касманаўтаў-дасьледнікаў», — адзначыў Уладзімер Гусакоў.

У сьпісе патэнцыйных кандыдатаў — прадстаўнікі акадэмічных падразьдзяленьняў: Цэнтральнага батанічнага саду, Інстытуту радыёбіялёгіі, НПЦ па біярэсурсах, Інстытуту фізіялёгіі.

Уладзімер Гусакоў нагадаў, што нараджэнцы Беларусі ўжо бывалі ў космасе. Пятро Клімук і Ўладзімер Кавалёнак ажыцьцяўлялі свае палёты за савецкім часам, Алег Навіцкі — ужо пасьля зьнікненьня СССР. Беларускія карані маюць і іншыя касманаўты — Валянціна Церашкова, Алег Арцем’еў, Антон Шкаплераў, Георгій Грэчка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG