Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве разьвіталіся з мэдыкам-беларусам, які загінуў ад абстрэлу на Данбасе. ФОТА

абноўлена

Паніхіда па Міколу Ільіну ў касьцёле сьвятога Аляксандра ў Кіеве, 22 ліпеня
Паніхіда па Міколу Ільіну ў касьцёле сьвятога Аляксандра ў Кіеве, 22 ліпеня

У касьцёле сьвятога Аляксандра ў Кіеве адправілі паніхіду ў памяць загінулага 13 ліпеня на Данбасе мэдыка Міколы Ільіна, ураджэнца Беларусі і грамадзяніна Эстоніі.

На службу прыйшлі пабрацімы з батальёну марской пяхоты, сябры, а таксама іншыя грамадзяне Ўкраіны, каб аддзячыць Міколу за тое, што дапамагаў Украіне адстойваць яе зямлю на Данбасе і ратаваў параненых у баях.

У сувязі з тым, што цела мэдыка доўга знаходзілася пад сонцам, труна была закрытая. Яе накрылі бел-чырвона-белым сьцягам, а таксама дзяржаўнымі сьцягамі Ўкраіны і Эстоніі.

На разьвітаньне прыйшлі прадстаўнікі амбасады Польшчы ва Ўкраіне, Руху салідарнасьці «Разам», беларускія добраахвотнікі. Гэты храм быў выбраны для разьвітаньня, бо Мікола Ільін быў ягоным парафіянінам.

Прадстаўнікі амбасады Польшчы ва Ўкраіне
Прадстаўнікі амбасады Польшчы ва Ўкраіне

«Ён заўсёды любіў казаць, што ў яго з Богам асаблівыя дачыненьні. Але гэта яго не ўратавала. Ён нарадзіўся ў Беларусі, быў грамадзянінам Эстоніі, але сэрцам ён быў украінец. І казаў, што ён тут для таго, каб ратаваць хлопцаў на фронце», — сказала Свабодзе адна зь ягоных сябровак Любава.

Любава (у цэнтры)
Любава (у цэнтры)

Маці Міколы Ірына дагэтуль ня можа паверыць у гібель сына. Увесь час яна ледзьве трымалася на нагах і не магла стрымаць сьлёз. З журналістамі яна не кантактуе. Грамадзянская жонка Аляксандра паведаміла, што маці некалькі разоў аказвалі мэдычную дапамогу.

Маці загінулага Ірына (у цэнтры)
Маці загінулага Ірына (у цэнтры)

Пасьля службы ў касьцёле цела Міколы Ільіна перавезьлі ў крэматорый мэмарыяльных Байкавых могілак, дзе прайшла цырымонія разьвітаньня паводле вайсковых традыцыяў.

Традыцыйнага пахаваньня ня будзе. Маці і блізкія вырашылі выканаць апошняе жаданьне Міколы: ягоны прах будзе разьвеяны ў трох краінах — Украіне, Эстоніі і Беларусі.

Служба ў касьцёле праходзіла па-ўкраінску.

Інструктарка Цэнтру тактычнай мэдыцыны Ганна Маліноўская, якая вучыла Міколу мэдычным навыкам, кажа, што ў яго была схільнасьць да мэдыцыны і яго плянавалі накіраваць у ЗША для далейшай больш глыбокай падрыхтоўкі на баявога мэдыка:

«Калі б гэта адбылося, то ён бы быў жывым».

Паводле яе, Мікола атрымаў несумяшчальнае з жыцьцём скразное раненьне ў грудзіну.

Грамадзянская жонка Міколы Аляксанда каля труны
Грамадзянская жонка Міколы Аляксанда каля труны

«Навечна застанецца ў памяці і ў марской пяхоце»

Камандуючы Ваенна-Марскімі сіламі Ўкраіны і амбасадар Эстоніі ва Ўкраіне
Камандуючы Ваенна-Марскімі сіламі Ўкраіны і амбасадар Эстоніі ва Ўкраіне

На вайсковай цырымоніі разьвітаньня, якая адбывалася на цэнтральных могілках у Кіеве, камандуючы Ваенна-Марскіх сілаў Украіны Аляксей Няіжпапа сказаў:

«Мікола загінуў, бо выконваў свой абавязак да канца. Ён казаў, што Ўкраіна годная лепшай долі. І калі мы пераможам Расею, то мы пераможам усіх. Вайна на разьбірае, на жаль, і забірае нашых сыноў... Мікола назаўжды застанецца ў нашай памяці».

«Я ганаруся, што Мікола вырашыў атрымаць грамадзянства Эстоніі. Але ён так любіў Украіну, што вырашыў змагацца за яе цэласнасьць. Мне вельмі-вельмі сумна, што Мікола загінуў», — сказаў амбасадар Эстоніі ва Ўкраіне Каімо Кууск.

Труну зь целам Міколы Ільіна несьлі вайскоўцы ганаровай варты. Згодна з цырымоніяй разьвітаньня і пахаваньня вайскоўцаў, якая была зацьверджана ва Ўкраіне пасьля пачатку расейскай агрэсіі, труну накрываюць дзяржаўным сьцягам Украіны пасьля выкананьня вайсковым аркестрам дзяржаўнага гімна.

Парад тым, як труну пераносілі на крэмацыю, прагучала некалькі салютных стэлаў. Потым сьцяг склалі і перадалі маці Міколы Ірыны са словамі:

«Ад імя прэзыдэнта Ўкраіны прыміце гэты сьцяг, як сымбаль дзяржавы, якой верна і да канца служыў ваш сын Мікола».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG