Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нявесьце расейскага апазыцыянэра прыслалі яго інтымнае відэа 12-гадовай даўнасьці


Ільля Яшын, архіўнае фота

Вера Мусаелян, нявеста расейскага апазыцыйнага палітыка, кіраўніка савету дэпутатаў Краснасельскага раёну Масквы Ільлі Яшына, атрымала ў мэсэнджар зробленае схаванай камэрай відэа, на якім Яшын займаецца сэксам з дзьвюма дзяўчынамі.

Пра гэта напісала ў аўторак сама Вера Мусаелян, гэта ж пацьвердзіў і Ільля Яшын. Нявеста палітыка сьцьвярджае, што відэа прыслалі прадстаўнікі «праўладных арганізацый». Яно было забясьпечана тэкстам: «Ваш будучы муж вас вельмі любіць, усіх вас вельмі любіць».

Яшын не адмаўляе, што на відэа менавіта ён. Ён нагадаў, што гаворка ідзе пра спробу дыскрэдытацыі 12-гадовай даўнасьці, калі на схаваную камэру зьнялі адразу некалькі прадстаўнікоў апазыцыі, якія займаліся сэксам зь дзяўчатамі, відавочна, зьвязанымі з арганізатарамі правакацыі.

У 2010 годзе праўладныя блогеры апублікавалі відэазапісы, на якіх фігуравалі, у прыватнасьці, журналіст Міхаіл Фішман, пісьменьнік Віктар Шандаровіч, палітыкі Эдуард Лімонаў і Аляксандар Бялоў-Поткін. Відэа зь Яшыным тады не апублікавалі.

Пры гэтым сам палітык яшчэ тады прызнаўся, што быў у кватэры, дзе вёўся запіс схаванай камэрай, і займаўся там сэксам зь дзьвюма дзяўчынамі, вядомымі як Каця Муму і Насьця Чукс. Яшчэ 10 гадоў таму ён падрабязна апісаў гэтую гісторыю, адзначыўшы, што, калі яму прапанавалі выкарыстоўваць сэкс-цацкі, а таксама ўжыць наркотыкі, ён зразумеў, што гаворка ідзе пра правакацыі.

На думку Яшына, тады відэа зь ім публікаваць не сталі таму, што «геніі з ФСБ здагадаліся, што цяжкавата дыскрэдытаваць маладога хлопца дзьвюма дзяўчынамі ў ложку». Цяпер жа, напярэдадні яго вясельля, відэа вырашылі даць ход.

«Я ня ведаю, на што яны разьлічвалі, мабыць, я павінна была схапіцца за сэрца, крыкнуць: «Ах! Я ў цябе ня першая!» — і неадкладна адмяніць вясельле», — напісала Мусаелян, адзначыўшы, што «ў той час, як пра наш урад здымаюць расьсьледаваньні пра крадзяжы, катаваньні, злачынствы, адзінае, што яны могуць прадʼявіць апазыцыянэрам, — тое, што яны займаюцца сэксам ». Яшын таксама зьвязаў відэа зь іншымі правакацыямі, якія ў апошні час арганізоўвалі супраць яго.

Сапраўднае імя Каці МумуКацярына Герасімава. Неўзабаве пасьля зьяўленьня ў Сеціве відэа яна зьнікла з публічнай прасторы, выдаліла акаўнты ў сацыяльных сетках і доўгі час жыла за мяжой.

У Генпракуратуру была накіравана заява з патрабаваньнем вызначыць заказчыкаў здымкі. Прадстаўнікі апазыцыі сьцьвярджалі, што гэта маглі быць ці актывісты пракрамлёўскага руху «Нашы», ці ж непасрэдна спэцслужбы. Аднак крымінальная справа не была заведзеная і заказчыкаў не ўстанавілі.

Рэжысэр Уладзімір Мірзоеў па матывах скандалу зьняў фільм «Яе звалі Муму».

Перад выбарамі ў Дзярждуму 2016 году ў сеціве былі апублікаваныя зьнятыя схаванай камэрай інтымныя сцэны з удзелам лідэра партыі «Парнас» Міхаіла Касьянава. Пасьля гэтай публікацыі ў «Парнасе» адбыўся раскол і партыя пацярпела паразу на выбарах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG