Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка запатрабаваў абвергнуць зьвесткі зь сюжэтаў тэлеканалу «Беларусь-1»


Віктар Бабарыка, архіўнае фота

Адвакаты Віктара Бабарыкі Дзьмітры Лаеўскі і Натальля Мацкевіч расказалі Tut.by пра рэакцыю іхнага падабароннага на сюжэты «Беларусь-1» пра «справу Белгазпрамбанку» і словы Лукашэнкі, што Бабарыка нібыта «зарыдаў, калі не зарэгістравалі, і пачаў паказаньні даваць».

«Сёньня мы наведвалі Віктара Дзьмітрыевіча, абмяркоўвалі гэтае пытаньне. Віктар Дзьмітрыевіч вырашыў накіраваць у Белтэлерадыёкампанію на падставе закону „Аб СМІ“ патрабаваньне пра абвяржэньне гэтых зьвестак і асобных сьцьвярджэньняў з рэпартажу „Справа „Белгазпрамбанку“: куды цяклі даляравыя рэкі“ як тыя, што не адпавядаюць рэчаіснасьці і зьневажаюць ягоныя гонар і годнасьць. Гэта патрабаваньне ён падпісаў пры нас і перадаў адміністрацыі СІЗА для накіраваньня па адрасе», — сказалі адвакаты.

Напярэдадні на тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў сюжэт, у якім Аляксандар Лукашэнка заявіў, што так званая «справа Белгазпрамбанку» «не палітычная замова» і што ўсе, хто праходзіць у ёй, «даюць паказаньні», у тым ліку і Віктар Бабарыка, які «зарыдаў, калі не зарэгістравалі, і пачаў паказаньні даваць».

Мацкевіч і Лаеўскі дадалі, што пасьля паседжаньня ЦВК, на якім Бабарыку адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам, допытаў і іншых сьледчых дзеяньняў зь ім не праводзілі.

Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць

  • 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць людзей, калі тыя адмаўляюцца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў па арт. 235 (легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры) і арт. 243 (ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу.
  • Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога капрамату на яго.
  • 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву, яе вінавацяць ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
  • 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў «​гэта адна шайка-лейка»​ і безь яго ведама нічога не рабілася. Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
  • Усяго па «справе „Белгазпрамбанку“» праходзяць каля 20 чалавек.
  • 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскаія акцыянэры банка («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
  • 17 чэрвеня арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку. Афіцыйных тлумачэньняў штабу кандыдата тады не далі.
  • Раніцай 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына ды кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
  • «Бабарыку затрымалі праз тое, што ён зьяўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасьці, спрабаваў узьдзейнічаць на сьведак, схаваць сьляды раней зьдзейсьненых злачынстваў, і літаральна днямі Бабарыка спрабаваў зьняць буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў», — сказаў кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Іван Тэртэль, расказваючы пра нібыта махлярскую схему з адмываньнем грошай з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджэраў «Белгазпрамбанку».
  • Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім прад'явілі абвнавачаньне, артыкул не называецца.
  • Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы
  • 19 чэрвеня Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
  • 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
  • «Трэба — сядуць». Што Лукашэнка казаў пра Бабарыку цягам двух тыдняў перад яго затрыманьнем

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG