Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрагмэнты ансамбля палаца Храптовічаў у Шчорсах выставілі на аўкцыён


Будынак славутай бібліятэкі Храптовічаў, дзе было больш за 10 тысяч кніг і архіўных дакумэнтаў. Ён таксама прадаецца

Пяць аб’ектаў прапануюць за пачатковую цану 50 859 рублёў 46 капеек.

Фрагмэнты ансамбля былога палаца Храптовічаў у Шчорсах Горадзенскай вобласьці, які знаходзіцца ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, выставілі на аўкцыён, паведамляе Дзяржаўны камітэт маёмасьці.

Комплекс будынкаў і збудаваньняў, які ўключае ў сябе пяць аб’ектаў, прапануюць за пачатковую цану 50 859 рублёў 46 капеек. Прадаўцом выступае аддзел культуры Наваградзкага райвыканкаму.

Аўкцыён пройдзе 17 жніўня а 11.30 у Горадні на вуліцы 17 верасьня, 39. Сярод умоваў аўкцыёну — падпісаньне новым уласьнікам ахоўнага абавязаньня і ўцягваньне абʼектаў у гаспадарчы абарот на працягу 4 гадоў з моманту заключэньня дамовы.

Палац Храптовічаў у Шчорсах. Гравюра з малюнка Н.Орды
Палац Храптовічаў у Шчорсах. Гравюра з малюнка Н.Орды

Палацава-паркавы комплекс Храптовічаў у Шорсах — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XVIII — пачатку XIX ст., належаў магнацкаму роду Храптовічаў, якія былі аднымі з самых буйных землеўладальнікаў Беларусі XVIII-XIX стст.

Яго ў 1770-я гг. заснаваў падканцлер вялікі літоўскі Іахім Літавор Храптовіч. Праект замовілі італьянскаму архітэктару Джузэпэ дэ Сака, інтэрʼеры выконваў Карла Спампані, будаўнічымі работамі кіраваў Якуб Габрыэль.

Падчас Першай сусьветнай вайны палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах моцна пацярпеў. У ХХ стагодзьдзі палац быў практычна разбураны. Захаваліся фрагмэнты сядзібы: двухпавярховы будынак дома кіраўніка, левы флігель, карэ службовых карпусоў, вяндлярня, руіны кузьні і стайняў.

Палац Храптовічаў у Шчорсах уключаны ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG