Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Бартосік шукае сьляды знакамітай бібліятэкі Храптовічаў у мястэчку Шчорсы Наваградзкага раёну.

Дасьледнік беларускай культуры Леанід Пракопчык у сваёй кнізе «Дрэмле памятка дзён» пра рэшткі бібліятэкі Храптовіча ў маёнтку Шчорсы пісаў:

«Вядома, што каля трох тысяч тамоў заставалася да 1939 году ў Шчорсах, дзе працягваў жыць у бібліятэчным флігелі ўжо стары граф Канстанцін Апалінаравіч Храптовіч-Буцянёў. Лёс іх аказаўся самым трагічным. Па расказах настаўніка зь недалёкай Любчы Вінэра, у 39-м адзін з прадстаўнікоў савецкай улады, прыехаўшы ў Шчорсы нацыяналізаваць маёнтак, загадаў ачысьціць яго ад кніг і спаліць. Панскія, ды яшчэ не на рускай мове! Храптовіч намагаўся растлумачыць, што гэта самая вялікая каштоўнасьць у памесьці, і прасіў выклікаць кампэтэнтную камісію, якая ацэніць кнігі і вывезе ў якую бібліятэку. Але ўпаўнаважаны быў няўмольны. І ў двары бібліятэчнага флігеля запалаў касьцёр. Мяркуюць — тады загінула каля трох тысяч выданьняў».

Уяўляеце сабе вогнішча з трох тысяч кніг? Няўжо ніхто зь мясцовых жыхароў не паспрабаваў прыхаваць хоць некалькі тамоў? Хоць адну кнігу? І ад той часткі бібліятэкі Храптовічаў не засталося ніякага сьледу? Будучы неяк на Карэліччыне са школьнымі канцэртамі, я вырашыў зазірнуць у Шчорсы. А раптам мне трапіцца — ну, калі ня кніга Храптовіча, то хоць сьведка таго вогнішча.

Сьведка рабаваньня

Любоў Герасімаўна Саліхава нарадзілася ў 1929 годзе. Яе бацькі працавалі ў Храптовічаў. І яе сям’я жыла ў флігелі на тэрыторыі сядзібы. Хударлявая, зь вясёлымі вачыма і стараннай расейскай мовай. Гэта водгук бацькоўскага выхаваньня. Старая да гэтае пары ганарыцца, што яе бацька Герасім скончыў ў Нягневічах народнае вучылішча. Старая памятае і прыгажосьць палаца, і ягонае масавае рабаваньне.

— А якая прыгажосьць была! А якія агароджы былі! А якая брама з гербам. І трэба ж? Нашы, вясковыя... пайшлі рабаваць. Дабро графскае разьбіралі вясковыя жанчыны. Пасьцельную бялізну. А графіня кажа: «Адкрывайце ўсё! Каб нічога на замках у доме не было. Хай бяруць». А кнігі — прайшоў час, машыну пад балькон і на машыну пакідалі. І павезьлі ў Любчу. Кнігі па дарогах, па канавах раскідвалі.

Аказваецца, сапраўды людзі кнігі разьбіралі. Былі тыя аскепкі вялікага кнігазбору і ў маёй суразмоўніцы.

— Вельмі граматны быў Юшкевіч, садавод. У яго каля амбараў быў падвал, і ён зьбіраў тыя кнігі. І мой тата цэлую валізу кніг, і такія каштоўныя, схаваў каля графскай капцільні. Але адзін камуніст падгледзеў і забраў. А ў Любчы іх палілі. Гэта мне братавая расказвала. Які быў касьцёр! Побач з замкам.

Апошняя кніга

Пракопчык пісаў, што адна кніга захоўваецца ў школьным музэі Шчорсаў. Але і там мяне чакала няўдача. Мясцовы настаўнік Мікалай Антончык адчыніў мне музэй, дзе ёсьць старыя калаўроты, фатаздымкі партызанаў, старыя савецкія кіцелі. Але ніякай кнігі даўно ўжо няма. Ня думаю, што яе спалілі. Хутчэй за ўсё, яна стаіць на пачэсным месцы ў каго-небудзь з настаўнікаў.

— Я сам гэта чуў, што была кніга. Але дзе яна? Тут многа чаго было. Школа пераяжджала. І музэй быў ня тут. Музэй знаходзіўся там, дзе цяпер кабінэт дырэктара. Я чуў толькі пра яе, але ня бачыў. У людзей тут было многа кніг да 1939-га году. Як прыйшла савецкая ўлада, кнігі вывезьлі ў Любчу і спалілі. Некаторыя людзі проста хавалі. Каб палазіў па старых хатах, па гарышчах, можа, што-небудзь і знайшоў бы. Дзе ніхто ўжо не жыве. Хаты стаяць зачыненыя, дзеці не прыяжджаюць.

У Шчорсы лепш прыяжджаць праз Наваградак. Там, у краязнаўчым музэі, ёсьць дасканала і дасканальна зроблены макет палаца Храптовічаў.

Дастаткова зрабіць некалькі здымкаў на свой гаджэт, каб ужо ў Шчорсах, непасрэдна на месцы, зразумець маштаб таго бедзтва, якое напаткала сядзібу пасьля вайны. Аказваецца, закінуты пустыр, на якім я пакінуў аўто, некалі быў прыгожым пляцам з кветкамі і фантанам. Страшныя баракі былі прыгожымі карэтнымі. А зарослы пустазельлем насып — гэта месца, дзе некалі стаяў палац. У вежы якога была адна з галоўных бібліятэк нашага краю.

Тут быў Дуб Міцкевіча

Я іду па храптовіцкім парку зь мясцовым пэнсіянэрам Уладзімерам Яўсеем. Да месца, дзе яшчэ ў 90-я гады стаяў дуб Міцкевіча. І мог бы стаяць да сёньня. Цяпер тут пустка.

— Ён стары быў, ужо развальваўся. Яго змацавалі трыма тросамі мэталічнымі, каб ён не разваліўся. Абгарадзілі яго. Унутры было дупло. І нейкая шантрапа агонь там раскладвала. І яго загубілі. Праз пэўны час абваліўся.

З боку парка палац выглядаў асабліва велічна. Бо стаяў на ўзвышшы.

— Па вайне тут ужо не было гаспадара. Рвалі трактарамі сьцены. У Карэлічах з той цэглы два кароўнікі пабудавалі.

За паркам, пры дарозе на Любчу, — Мураванка. Кажучы сёньняшнімі словамі, аграпрамысловы комплекс Храптовічаў. Больш падобны да казачнага замка, чым да фэрмы. Успамінае шчорсаўская старажылка Любоў Саліхава.

— Мураванка — гэта такая была гаспадарка! Там рабочыя коні былі. Жылыя памяшканьні. Наверсе дзьве кватэры і ўнізе дзьве. Вежы вялікія для захоўваньня кармоў. І сена нарыхтоўвалі, і збажыну. Сыры рабілі галяндзкія! На першым часе іншаземны спэцыяліст працаваў. На ўсю Польшчу і за мяжу адпраўлялі.

Аграсядзіба

Каля дома аканома я заўважыў аднапавярховы, густоўна адрамантаваны будынак са шкляной вэрандай. Пагрукаўся. Мне адчыніў малады чалавек, які робіць у доме не рамонт, а хутчэй мастацкі дызайн. Гэта аграсядзіба, але незвычайная. Сталічны бізнэсовец набыў старую хату і зрабіў зь яе палац. Майстар Дзьмітрый вадзіў мяне па пакоях, дзе госьці павінны адчуць сябе ў розных эпохах. Пакой у стылі напалеонаўскай Францыі. Пакой Адама Міцкевіча.

Гравюры, старая мэбля. Можа, спэцыяліст і заўважыць нейкія хібы, але для госьця — гэта атракцыён. Фішка ў гаспадара ўдалася. І дзякуючы ня толькі дэкарацыям, але і месцу. Вокны выходзяць на парк і сажалку.

Графскія разваліны

А што ж чакае саму сядзібу? Да якой у дзяржавы рукі не даходзяць. Ідэяй дасьледаваньня і рэгенэрацыі сядзібы загарэлася жыхарка сталіцы Ганна Булда. Бізнэсвумэн, якая пакінула свой бізнэс дзеля гэтай ідэі. Ужо створаны фонд «Шчорсы і Храптовічы», зьбіраюцца сродкі на праект аднаўленьня, праводзяцца летнікі, падчас якіх валянтэры чысьцяць парк. Слухаючы спадарыню Булду, я разумею, што перада мной гераічная жанчына.

Ганна Булда
Ганна Булда

— Вас яшчэ мясцовая ўлада не пусьціла ўсярэдзіну памяшканьняў?

— І ня пусьціць. Яны гатовыя пусьціць на тых умовах, якія ім цікавыя. Але нецікавыя чалавеку пры памяці. Бо трэба быць вар’ятам, каб пад гэтым падпісацца. Тыя ўмовы, якія мне прапануюць, проста раздушаць фонд. Але мая задача — аднавіць сядзібу, а не загінуць пад яе руінамі. Яны прапануюць дамову бязвыплатнага карыстаньня пад стварэньне працоўных месцаў. У тую дамову няма сэнсу нават нейкія праўкі ўносіць. Дакумэнт разьлічаны на тое, каб усю адказнасьць перакласьці на таго, каму перадаецца. Па дамове я абавязаная будаваць, аднаўляць, рэканструяваць. Я абавязаная ўтрымліваць у добрым стане будынкі. Я абавязаная стварыць дванаццаць працоўных месцаў. Пяць вартаўнікоў! Навошта там пяць вартаўнікоў? Каб яны там пілі і я ім плаціла зарплату? Дайце чалавеку ствараць працоўныя месцы, якія яму патрэбныя.

Савецкая ўлада магла разабраць палац па цагліне, каб пабудаваць кароўнікі. Сёньняшняя ўлада можа за тыя руіны толькі выставіць рахунак з мноствам нулёў.

— Там нідзе не гаворыцца, што мне перадаюцца руіны, якія могуць разбурыцца. Што там у любы момант можа абваліцца балькон у доміку аканома. Мне па дакумэнтах перадаюць нерухомасьць на суму, эквівалентную ста дваццаці тысячам даляраў. За гэтую цану ніхто не бярэ і не забярэ. І нават за меншую ня возьмуць. Бо ўмовы прыбіваюць любога. Я магу зрабіць плян дзеяньняў — у якія тэрміны праводзім дасьледаваньні, супрацьаварыйныя працы. За гэта я гатовая ўзяцца. Ну, і будынкі ўмацаваць, пачысьціць. Але ўлады не гатовыя на гэта ісьці. Яны бачаць незразумелую ім маю камэрцыйную выгаду. Дапусьціць думку, што я проста хачу займацца аднаўленьнем... Гэта неяк ня ўкладваецца ў галаве. Чалавек нармальны ня можа гэтым займацца. Трэба ёй або ня даць, або абцяжарыць настолькі, каб гэта было непад’ёмна.

А можа, добра, што мясцовыя ўлады так зацята супраціўляюцца? Не павінен кожны, каму заманулася, чапаць гэтыя руіны. Права іх аднаўляць трэба заслужыць. Пакуль раённыя ўлады дазволілі пачысьціць валянтэрам парк. А хутка, дзякуючы намаганьням Ганны Булды, у Шчорсах зьявіцца ахоўная зона. Можа, гэта першы крок да вяртаньня страчанага?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG