Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саміт ЭЗ у Брусэлі і спрэчкі аб фінансах безвынікова цягнуцца чацьвёрты дзень


Віктар Орбан

Прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан у нядзелю ўсклаў на прэм’ер-міністра Нідэрляндаў Марка Рутэ адказнасьць за адсутнасьць паразуменьня на саміце Эўразьвязу.

Эўрапейскія лідэры сабраліся ў пятніцу вечарам у Брусэлі на першую вочную сустрэчу пасьля некалькіх месяцаў карантыну. Тэма саміту — выхад з эканамічнага крызісу, выкліканага пандэміяй каранавірусу.

Вугорскі лідэр заявіў журналістам, што не разумее прычын, зь якіх нідэрляндзкі прэм’ер такі нядобразычлівы да яго і да Вугоршчыны. Агенцтва Reuters прыводзіць выказваньне Орбана пра свайго нідэрляндзкага калегу Марка Рутэ:

«Я не люблю шукаць вінаватага, але гэты галяндзец — сапраўдны адказны за бязладзьдзе».

Віктар Орбан за дзесяць гадоў, якія прайшлі пасьля яго перамогі на выбарах, сканцэнтраваў у сваіх руках беспрэцэдэнтна вялікія паўнамоцтвы, адзначае агенцтва Reuters. Ён неаднаразова выступаў супраць рашэньняў выканаўчых органаў ЭЗ, а таксама супраць асобных дзяржаў Эўразьвязу, якія крытыкуюць Будапэшт за парушэньне дэмакратычных нормаў кіраваньня.

Група зь пяці багатых эўрапейскіх дзяржаў, якія нефармальна называюць «дбайнымі» ці «эканомнымі», заблякавала ў Брусэлі прыняцьце пагадненьня аб сумесным фондзе аднаўленьня эканомікі. Гаворка ідзе пра 750 мільярдах эўра. Данія, Швэцыя, Аўстрыя, Фінляндыя і Нідэрлянды дамагаюцца строгага кантролю над расходаваньнем сродкаў з гэтага фонду. Іншыя дзяржавы прапануюць выдзяленьне грантаў. Разгарэліся вострыя спрэчкі аб магчымасьці замарожваньня фінансавай падтрымкі тым дзяржавам, якія грэбуюць дэмакратычнымі нормамі.

Імаверна, што Орбан, які прадбачыў такое разьвіцьцё, яшчэ да саміту папярэдзіў партнэраў па ЭЗ, што Вугоршчына накладзе вэта на дамоўленасьці, калі ў іх будзе прадугледжана магчымасьць замарозкі выдзеленых сродкаў таму ці іншаму ўраду ў залежнасьці ад яго прыхільнасьці да дэмакратычных каштоўнасьцяў.

У інтэрвію журналістам Орбан заявіў, што ў Вугоршчыне добры досьвед дэмакратычных каштоўнасьцяў, бо там зрыналі камуністычны рэжым. Калі хтосьці не падзяляе гэтых каштоўнасьцяў, то «няхай ён і выходзіць з супольнасьці», гэта значыць з Эўразьвязу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG