Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр адзін зь лідэраў барацьбы супраць сэгрэгацыі ў ЗША Джон Льюіс


Джон Льюіс, 2016 год

Амэрыканскі кангрэсмэн, адзін зь лідэраў барацьбы за забарону сэгрэгацыі Джон Льюіс памёр на 81-м годзе жыцьця.

Льюіс быў адным з арганізатараў Маршу на Вашынгтон 1963 году. Пасьля гэтай акцыі фэдэральныя ўлады забаранілі сэгрэгацыю ў грамадзкіх месцах і прынялі закон, які прыраўняў выбарчыя правы чарнаскурага насельніцтва зь белым.

Льюіс нарадзіўся ў 1940 годзе ў горадзе Троя, штат Алабама. Ён зь дзяцінства сачыў за барацьбой за грамадзянскія правы, у 17 год пазнаёміўся з адной з заснавальніц руху за правы чарнаскурых Розай Паркс, а ў 18 — з Марцінам Лютэрам Кінгам. Студэнтам ён удзельнічаў у сядзячых забастоўках супраць сэгрэгацыі і ў акцыях з патрабаваньнем даць чарнаскурым роўныя выбарчыя правы. Ён быў адным зь першых чарнаскурых актывістаў, якія заходзілі ў аўтобусы толькі для белых і якія ігнаравалі правілы сэгрэгацыі.

У 1963 году Льюіс быў адным з шасьці асноўных арганізатараў Маршу на Вашынгтон. Ад 200 да 300 тысяч чалавек прайшлі маршам да мэмарыялу Лінкальну ў цэнтры амэрыканскай сталіцы, дзе Марцін Лютэр Кінг зрабіў прамову, якая атрымала назву «У мяне ёсьць мара».

Ён працягваў займацца праваабарончай дзейнасьцю да 1977 году, пакуль не перайшоў на працу ва ўрад. Пасьля гэтага ён восем гадоў быў гарадзкім дэпутатам Атлянты, пакуль у 1986 годзе не абраўся ў Кангрэс ад дэмакратычнай партыі.

Пасьля абраньня Льюіс пераабіраўся 16 разоў, толькі адзін раз набраўшы менш за 70 працэнтаў галасоў. У 2008 годзе ён падтрымаў намінацыю Барака Абамы на пасаду прэзыдэнта ЗША. У 2016 — арганізаваў 25-гадзінную забастоўку ста кангрэсмэнаў ад Дэмакратычнай партыі, якія патрабавалі ўзмацніць продаж зброі ў ЗША.

У заяве сьпікера Кангрэсу ЗША Нэнсі Пэласі сказана, што ў дзень сьмерці Льюіса «Амэрыка аплаквае страту аднаго з найвялікшых герояў амэрыканскай гісторыі». Кангрэсмэна ўганаравалі найвышэйшай узнагародай ЗША для грамадзянскіх асоб — Прэзыдэнцкім мэдалём Свабоды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG