Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра страх, гвалт і любоў. Правілы жыцьця Марціна Лютэра Кінга


Марцін Лютэр Кінг падчас прамовы «У мяне ёсьць мара», Вашынгтон, 28 жніўня 1963

Марцін Лютэр Кінг (1929–1968) — найбольш вядомы змагар за грамадзянскія правы чарнаскурых у ЗША, афраамэрыканскі баптысцкі прапаведнік і яркі прамоўца.

Сьцісла пра асобу:

  • Нарадзіўся ў сям’і пастара баптысцкай царквы ў Атланце (штат Джорджыя), у веку 15 гадоў паступіў у коледж, а потым абараніў доктарскую дысэртацыю па тэалёгіі. У сярэдзіне 1950-х гадоў уключыўся ў змаганьне супраць расізму ў ЗША і з часам стаў галоўным лідэрам руху за грамадзянскія правы чарнаскурых у краіне. У сваіх публічных выступах і прамовах заклікаў дамагацца расавай і грамадзянскай роўнасьці мірнымі спосабамі. Ангажаваўся таксама ў рух пратэсту супраць удзелу ЗША ў вайне ў Віетнаме.
  • 28 жніўня 1963 году выступіў перад 250-тысячным натоўпам каля манумэнту прэзыдэнту Лінкальну ў Вашынгтоне з прамовай, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «У мяне ёсьць мара» (I have a dream) і лічыцца клясычным выступам у абарону чалавечай роўнасьці і годнасьці.
  • У 1964 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру за ўклад у дэмакратызацыю амэрыканскага жыцьця.
  • 4 красавіка 1968 году, у веку 39 гадоў, загінуў ад кулі снайпэра, калі стаяў на бальконе матэля ў Мэмфісе (штат Тэнэсі).
  • Трэці панядзелак студзеня адзначаецца ў ЗША як Дзень Марціна Лютэра Кінга і лічыцца нацыянальным сьвятам.

Свабода сабрала некаторыя выказваньні Марціна Лютэра Кінга, якія адлюстроўваюць яго жыцьцёвую філязофію і ангажаванасьць у змаганьне за лепшы сьвет.

Прэзыдэнт ЗША Ліндан Джонсан уручае Кінгу пяро, якім падпісаў гістарычны Акт аб грамадзянскіх правах, 2 ліпеня 1964
Прэзыдэнт ЗША Ліндан Джонсан уручае Кінгу пяро, якім падпісаў гістарычны Акт аб грамадзянскіх правах, 2 ліпеня 1964

«Калі ня можаш лётаць, то бяжы; калі ня можаш бегчы, то ідзі; калі ня можаш ісьці, то паўзі; які бы ты ні рухаўся, ты заўсёды павінен рухацца наперад».

«Кожны чалавек павінен вырашыць, ці будзе ісьці ў сьвятле творчага альтруізму, ці ў цемры разбуральнага эгаізму».

«Хлусьня няздольная жыць».

Карэта Кінг, жонка Кінга, цалуе яго пасьля выхаду з будынка суду ў Мантгомеры (штат Алабама), 22 сакавіка 1956
Карэта Кінг, жонка Кінга, цалуе яго пасьля выхаду з будынка суду ў Мантгомеры (штат Алабама), 22 сакавіка 1956

«Мы павінны разьвіваць і падтрымліваць здольнасьць прабачэньня. Той, хто пазбаўлены сілы прабачаць, пазбаўлены сілы любіць. Нават у найлепшых з нас ёсьць дробка зла, а ў найгоршых з нас — дробка дабра. Калі мы выявім гэта, мы станем менш схільнымі ненавідзець нашых ворагаў».

«Усё, што бачым, толькі цень ад таго, чаго мы ня бачым».

«Людзі ненавідзяць адзін аднаго, таму што баяцца адзін аднаго; баяцца, таму што нічога адзін пра аднаго ня ведаюць; ня ведаюць, таму што не кантактуюць».

Кінг дае інтэрвію Радыё Свабода ў 1966
Кінг дае інтэрвію Радыё Свабода ў 1966

«Пад канец мы будзем памятаць ня словы нашых ворагаў, а маўчаньне нашых сяброў».

«Мы або навучымся жыць разам як браты, або ўсе разам загінем як дурні».

«У мяне ёсьць мара, што аднойчы маленькія чорныя хлопчыкі і дзяўчынкі будуць трымацца за рукі з маленькімі белымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі».

Кінг з жонкай у Осла, за дзень да цырымоніі атрыманьня Нобэлеўскай прэміі, 9 сьнежня 1964
Кінг з жонкай у Осла, за дзень да цырымоніі атрыманьня Нобэлеўскай прэміі, 9 сьнежня 1964

«Магчыма, гэта праўда, што закон ня можа прымусіць кагосьці палюбіць мяне, але ён можа перашкодзіць камусьці лінчаваць мяне, і я лічу, што гэта даволі важна».

«Адсутнасьць гвалту азначае пазьбяганьне ня толькі зьнешняга фізычнага гвалту, але і ўнутранага гвалту над духам. Вы ня толькі адмаўляецеся страляць у чалавека, але і адмаўляецеся ненавідзець яго».

Кінг на бальконе матэлю ў Мэмфісе 3 красавіка 1968, за дзень да сваёй сьмерці
Кінг на бальконе матэлю ў Мэмфісе 3 красавіка 1968, за дзень да сваёй сьмерці

«Ніколі не забывайце: усё, што Гітлер рабіў у Нямеччыне, было законным».

«Калі чалавек не адкрыў для сябе нечага такога, за што ён гатовы памерці, ён ня здольны паўнавартасна жыць».

«Каб набыць ворагаў, не сьпяшаецеся аб’яўляць вайну. Дастаткова пачаць гаварыць тое, што думаеце».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG