Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За абразу актывістаў БРСМ, якія перашкаджалі весьці стрым Свабоды, дваіх аштрафавалі, шасьцярым пагражае крымінальная справа


Сябры БРСМ падчас пікету па зборы подпісаў за Лукашэнку 5 чэрвеня

Пасьля таго, як актывісты БРСМ напісалі калектыўны зварот у міліцыю, міліцыя ўжо высьветліла асобы некаторых правапарушальнікаў, паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава.

Паводле Чамаданавай, увечары 5 чэрвеня ў адным з телеграм-каналаў апублікавалі пэрсанальныя зьвесткі і спасылкі на старонкі ў сацсетках удзельнікаў пікету каля гандлёвага цэнтру ў Менску. У той жа дзень ім сталі пісаць паведамленьні з абразамі.

30-гадовага ўраджэнца Грузіі і 23-гадовага менчука, якія, паводле МУС, абазвалі адну з актывістак БРСМ «дзяўчынай лёгкіх паводзінаў» аштрафавалі на 540 рублёў кожнага.

20-гадовую мянчанку, якая зрабіла скрыншот акаўнту ўдзельніцы пікету, разьмясьціла ў сябе на старонцы ў сацыяльнай сетцы і «падпісала абразьлівымі словамі», вырашылі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Аналягічныя заявы разгледзяць у дачыненьні да яшчэ 5 карыстальнікаў, якія «пад публікацыяй пакінулі абразьлівыя водгукі».

Міліцыя працягвае шукаць астатніх аўтараў паведамленьняў, — паводле МУС, іх каля 50 чалавек.

5 чэрвеня каля гандлёвага цэнтру Dana Mall у Менску прайшоў першы пікет у падтрымку дзейнага кіраўніка краіны і кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. Радыё Свабода пасьлядоўна асьвятляе выбарчую кампанію ў Беларусі і вяла жывую трансьляцыю зь пікету.

Прыблізна праз паўгадзіны пасьля пачатку трансьляцыі да журналіста Свабоды падышла дзяўчына ў масцы з пытаньнем «Скажыце, а колькі вам заплацілі за эфір? Вам ня сорамна прадаваць краіну?» Вакол журналіста Антона Трафімовіча адразу сабралася група моладзі, якія разам гучна сталі задаваць яму пытаньні.

Яшчэ адна дзяўчына ў майцы зь лягатыпам БРСМ зьвярнулася да камэнтатараў пад стрымам: «„Мы разам, і ўсе тыя, хто піша цяпер нейкія дурныя камэнтары, хто піша гэтую лухту, чарнуху, вы поўныя... ня ведаю хто... Але мы разам, і мы за нашага прэзыдэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку“».

Сябры БРСМ задавалі пытаньні ў даволі агрэсіўнай форме, хапалі журналіста рукі. Калі здымачная група паспрабавала сысьці падалей ад іх, сябры БРСМ працягнулі ісьці за журналістамі, патрабуючы «адказаць на пытаньне». Пазьней яны падыходзілі яшчэ некалькі разоў, перабіваючы іншых суразмоўцаў закрывалі сабой камэру, задаючы тыя самыя пытаньні: «Колькі вам за гэта заплацілі? Мы бачылі, як вы сюды прывозіце людзей для камэнтароў!»

Падчас і пасьля трансьляцыі людзі ў сеціве пачалі абурацца такімі паводзінамі сяброў БРСМ і рэзка крытыкаваць іх.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG